“ЗОРНЫЯ” ТЭМЫ РОДНАГА КРАЮ

З неба зор хапаць не будзем — назавем тое, што ёсць цікавага на зямлі. (А ў дужках заўважым: “зорнымі” лічацца тэмы, прыцягальныя не толькі для тутэйшых, але і з-за межаў Жабінкаўшчыны, выклікаюць у нас асаблівы гонар, становяцца сапраўднай візітоўкай раёна, паводле якой ён выразна адрозніваецца ад іншых ды робіцца пазнавальным нават далёка за сваімі адміністрацыйнымі граніцамі).
“Зорка” першай велічыні — Тадэвуш КАСЦЮШКА. Здавён цягнецца спрэчка, скуль родам славуты генерал, але жабінкаўцы ўпэўнены: Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка-Сяхновіцкі (гэтак гучала поўнае яго імя) — наш зямляк. Пра тое расказвалі сучаснікі генерала і сведчаць шматлікія дакументы, выяўленыя ў апошнія гады. Карла Фалькенштэйн, Фёдар Глінка, Міхал Клеафас Агінскі ды іншыя ў адзін голас сцвярджалі ў сваіх мемуарах: Касцюшка прыйшоў на свет у Малых Сяхновічах, дзе цяпер месціцца Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Тут ён пражыў амаль пяць гадоў пасля вяртання з Амерыкі, дзе змагаўся за незалежнасць ЗША. Нездарма перад смерцю пан Тадэвуш пісьмова скасаваў прыгон для сваіх сяхновіцкіх сялян.
Другая “зорка” — на блізкай “арбіце” з першай.
17 верасня 1794 года ў межах сучаснай Жабінкаўшчыны адбылася буйная КРУПЧЫЦКАЯ БІТВА. Помнікі ў вёсцы Чыжэўшчына, прысвечаныя гэтай важнай падзеі, штогод наведвае нямала турыстаў. “Зорка” пазнавальная і вельмі прыцягальная на гістарычным небасхіле.
Трэцяя “зорка” — попельна-чорная — у колер скульптур трох жанчын, што самотна застылі на вякі ў мемарыяле “ДРАМЛЁВА”. Гэта горкі палыновы напамін пра жахі вайны, пра “вогненную вёску”, спаленую ўшчэнт ра-зам з людзьмі 11 верасня 1942 года. Драмлёва — адна са 186 беларускіх вёсак, увекавечаных у “Хатыні”, якія не адрадзіліся больш ніколі да жыцця. З году ў год сюды прыходзяць людзі розных пакаленняў, каб засведчыць: памяць пра нявінных ахвяр ліхалецця жывая. Сёлета спаўняецца 80 гадоў знішчэнню Драмлёва і сорак з часу заснавання мемарыяла.
Чацвёртая наша “зорка” — імя Міхаіла ЧАРНАКА і партызанскага атрада, названага ў яго гонар. Ён узнік ужо на трэці дзень вайны (першым у Беларусі) і моцна біў ворага да самага вызвалення роднага краю ад акупантаў.
Пятая “зорка” мае прыцягненне найперш рэлігійнае і асветніцкае. У старажытным сяле Хмелева з першай чвэрці ХVІІІ стагоддзя існуе Спаса-Праабражэнскі храм, у ім — цудатворны абраз МАЦІ БОЖАЙ ЧАНСТАХОЎСКАЙ, дзейнічае мужчынскі манастыр, настаяцель якога іераманах СЕРАФІМ час ад часу з дапамогаю Божага слова дапамагае паломнікам пазбавіцца душэўных і фізічных немачаў. Геаграфія тых, хто пераадольвае дзясяткі, сотні, тысячы кіламетраў, каб прыкласціся да святога абраза, сапраўды ўражвае — ад Паўднёвай Амерыкі да Далёкага Усходу.
А цяпер — яшчэ пара “зорак”, да канца не ацэненых. Шостай з іх павінен стаць акадэмік Андрэй ТРАФІМУК. Ніводзін з жабінкаўцаў не дасягнуў у жыцці такіх вяршыняў, як Андрэй Аляксеевіч — Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер шасці ордэнаў Леніна, выбітны вучоны-практык, які адкрываў нетры зямлі. Такая асоба годная нашай памяці.
Вельмі хочацца, каб сёмай “зоркай” у гэтым слаўным гісторыка-культурным сузор’і стала сама ЖАБІНКА. Каб падарожніку, што рухаецца па галоўнай трасе краіны М 1 або па чыгунцы з Усходу на Захад ці ў адваротным накірунку, захацелася збочыць у бок райцэнтра альбо сысці на чыгуначнай станцыі і паглядзець, якім утульным, самабытным жыццём жыве горад у сутоцы Мухаўца ды рэчкі Жабінкі. Дарэчы, падставы на тое ёсць. Летам 2017 года жабінкаўцы шыкоўна адсвяткавалі 200-годдзе свайго паселішча. Але ўжо тады было зразумела: гістарычны пошук будзе працягнуты. І вось у першыя дні Года гістарычнай памяці прыйшла сенсацыйная навіна… Але пакуль захаваем інтрыгу, скажам толькі, што Жабінка “пасталела”.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.