Мінулае маюць не толькі гарады, краіны, людзі. Ёсць яно і ў дарог. Сёлета будзе 180 гадоў, як пачалося будаўніцтва аўтастрады М 1 — колішняй Маскоўска-Варшаўскай шашы (1842–1850), якую найчасцей звалі папросту Варшаўкай, а пазней Алімпійкай.
Як пад лінейку
У аддзеле рэдкай кнігі абласной бібліятэкі імя Горкага з 1978 года захоўваецца ўнікальны “Атласъ Московско-Варшавскаго Шоссе между городами Брестъ-Литовскомъ и Бобруйскомъ”, створаны ў XIX стагоддзі.
Раней кніга была ў калекцыі яраслаўскага купца Івана ВАХРАМЕЕВА (1843–1909) — прадзеда Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі Мітрапаліта ФІЛАРЭТА. Да слова, гэты сапраўдны Герой Беларусі, які клапаціўся пра пераклад Бібліі на нашу мову, блаславіў адраджэнне Крыжа Еўфрасінні Полацкай, шмат добрага зрабіў на карысць Айчыны, памёр год таму, 12 студзеня 2021-га.
Якой паказана Маскоўска-Варшаўская шаша ў атласе?
Сваю назву дарога атрымала 9 (21) снежня 1846 года паводле ўказа імператара Мікалая I.
Ад Брэста да Бабруйска шашу падзялілі на 21 участак (кожны з іх мае ў атласе асобную старонку). Карты скрупулёзна прарысаваны. Нас, вядома, найперш цікавяць №№ 1 і 2, дзе паказана Жабінкаўшчына.
Адлегласць ад Брэсцкай крэпасці да станцыі Пятровічы вымяралася ў 21 вярсту 492 сажні, ад Пятровічаў да Кобрына было ўсяго на 268 сажняў менш, што сведчыла: дарога планавалася надзвычай удала. Адразу бачна, што яе беларускую частку будавалі фактычна па лінейцы. (Прамыя ўчасткі звязалі шэсць павятовых цэнтраў: Брэст і Кобрын, Слуцк і Бабруйск, Рагачоў і Чэрыкаў).
Атлас сведчыць
Другую частку цікавай кнігі складаюць дзевяць лістоў з планамі фасадаў каменных станцыйных дамоў (паштовых станцый). 1 (13) верасня 1849 года выйшаў царскі ўказ пра ўладкаванне на Варшаўцы застаўных дамоў шасэйнага збору, якія былі падобныя і знешне, і вонкава. Каб паскорыць дастаўку лістоў і дзеля зручнага адпачынку пасажыраў, праз 20–30 кіламетраў збудавалі станцыйныя дамы.
Акрамя таго ўздоўж шашы ўзніклі каравулкі (або каморкі) і пастаялыя двары. Будынкі станцый адпавядалі праектам, распрацаваным у Пецярбурзе ў 1843 і 1846 гадах.
На кожнай станцыі для паслуг падарожнікаў меліся наглядчык, стараста, фурманшчыкі і коні. Комплекс збудаванняў, акружаных плотам, уключаў: галоўны дом, флігель, стайню, шырокі двор з калодзежам і навесам для коней, экіпажаў, фурманак і саней, хлеў ды асець для аўса. Характэрнае аблічча паштовых станцый — выцягнуты будынак, узведзены паралельна дарозе. Архітэктура станцый часам насіла рысы позняга класіцызму (як было, напрыклад, у Кобрыне і Мілавідах).
Усе яны падзяляліся на тры класы або разрады. Дамы трэцяга разраду, да якіх адносіліся і Пятровічы, не мелі гасцініц. Будынак падзяляўся на частку, дзе спыняліся вандроўнікі, і палову, у якой месціліся кухня наглядчыка і пакой “для записки подорожень”.
Каменныя дамы другога разраду з гасцініцамі вызначаліся большымі памерамі, мелі кухні для праязджаючых і пакоі для начлегу. Палова дома адводзілася для адпачынку падарожнікаў, другая — для іх слуг, фурманшчыкаў і паштальёнаў. Такі будынак месціўся пры выездзе з Брэст-Літоўска (на Кобрынскім фарштаце).
А вось дамоў першага разраду было ўсяго тры: у Кобрыне, Заполлі і Бабруйску. Там існавалі не толькі буфеты, але нават апартаменты на выпадак прыезду царскай фаміліі.
На падворках абавязкова меліся кало-дзежы і студні для захавання прадуктаў. Усе застаўныя дамы ўздоўж шашы ўзводзіліся па адзіным праекце, а фасады дарожных казармаў дзяліліся на чатыры віды.
А што там на станцыі Пятровічы?
А там усё добра. Нават выдатна. У наступным “Радаводзе” раскажам, як пасварыліся паны Ажароўскі з Булькова і Дзяконскі з Пятровічаў за права мець станцыю на сваёй тэрыторыі. Аднак рука праекціроўшчыка правяла лінію на поўнач каля Пятровічаў, і Булькоўская станцыя (а з ёй і Крупчыцкая) прыйшлі ў заняпад. Як і ўся Варшаўка “забіла” стары тракт, сляды якога цяпер ледзь бачныя на мясцовасці.
У Пятровічах меліся восем фурманшчыкаў і 25 коней. Па іх колькасці станцыя была трэцяй па значнасці ў Гродзенскай губерні.
Варшаўка запрацавала з 1848 года, суцэльны паштовы рух па ёй быў адкрыты 2 (14) студзеня 1850-га. А з 15 (27) лістапада 1861 года Маскоўска-Варшаўская шаша ўваходзіла ў склад 8-й дыстанцыі ІІ аддзялення ХІ акругі шляхоў зносін Расійскай імперыі.
Сёння ў Беларусі захавалася каля 30 каменных паштовых станцый. У свой час яны сыгралі важную ролю не толькі ў развіцці сувязі, але і сталі помнікамі дойлідства, аб’ектамі культурнай спадчыны.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%