Сёння — Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту

“У Вас добрае сэрца, мадам”

Напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту міжволі згадваецца: Катастрофа (так перакладаюць гэтае слова з іўрыта) не абмінула і наш край, дзе знішчылі практычна ўсіх яўрэяў. На гэтым фоне яшчэ большую гераічнасць набываюць учынкі надзвычай смелай жанчыны Флорыі БУДЗІШЭЎСКАЙ. Яе імя ўжо ўслаўлена ў Дзяржаве Ізраіль. Сёлета плануецца ў яе гонар назваць і завулак у Жабінцы. Ён будзе месціцца ў былых Шчэгліках.
Яшчэ 80-90 гадоў таму іўдзеі складалі большую палову жыхароў Жабінкі. Мястэчка жыло спакойным жыццём, пакуль не выбухнула вайна. Ужо з восені 1941 года гітлераўцы пачалі мэтанакіравана знішчаць яўрэяў, загнаных у гета, якое размяшчалася на сённяшняй Камуністычнай.
Канчаткова “яўрэйскае пытанне” нацысты вырашылі ў Жабінцы восенню сорак другога. Сярод тых нямногіх іўдзеяў, каму пашчасціла ўратавацца, аказаўся будучы пісьменнік Раман Аляксандравіч ЛЕВІН — на той час 12-гадовы падлетак. Восенню 1942 года ў вёсцы Пятровічы была забіта яго маці Серафіма. Амаль праз 30 год Левін паклапаціўся, каб на месцы расстрэлу паўстаў абеліск.
Яму самому пашчасціла сустрэць жыхарку Жабінкі Флорыю Пятроўну БУДЗІШЭЎСКУЮ. Тая звярнулася да нямецкага афіцэра і практычна вымаліла пакінуць хлопчыку жыццё. Сваёй выратавальніцы і пакутніцы, замардаванай фашыстамі за два дні да вызвалення, Раман Левін пазней прысвяціў аўтабіяграфічную аповесць “У Вас добрае сэрца, мадам”, якую выдаў у 2003 годзе ў Харкаве. Гэта была ўжо 32-я кніга паэта і празаіка, у якой ён у чарговы раз вяртаўся да ўспамінаў, пакінутых вайной. Шмат гадоў у дзень яе пачатку Раман Аляксандравіч наведваў Брэст, Пятровічы, Жабінку. 22 чэрвеня сорак першага ў горадзе над Бугам ён сустрэў ліхалецце, у Пятровічах згубіў матулю, у Жабінцы яўрэйскага хлопчыка ратавала ад смерці Флорыя. Яе ён заўсёды называў “мая другая польская мама”, “мая мама Флорыя”, услаўляў яе і ў прозе, і ў вершах. Левін паказаў дом на вуліцы Кірава, дзе жыла яго выратавальніца, на гарышчы якога ён і яўрэйская дзяўчына Соня амаль два гады хаваліся ад паліцыі і жандараў. Раман Аляксандравіч сведчыў, што акрамя іх Будзішэўская змагла выратаваць сем’і ваеннаслужачых — Калініных і Чуфарыных.
У 2004 годзе за свой гераічны ўчынак жанчына пасмяротна была абвешчана “Праведнікам народаў свету”. Гэтае ганаровае званне Ізраільскі інстытут Катастрофы і Гераізму надае неіўдзеям, якія рызыкуючы ўласным жыццём, ратавалі яўрэяў у часы нацысцкай навалы. Сёння ў спісе праведнікаў больш за 26 тысяч чалавек, першай і адзінай з жыхароў Жабінкаўшчыны застаецца Флорыя Будзішэўская.
Анатоль РОСТАЎ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.