Да мінулага можна дакрануцца

У абмеркаванні праекта новай Канстытуцыі многія звярнулі ўвагу на артыкулы, якія тычацца захавання гістарычнай памяці. Яна не павінна быць выключна справай прафесійных гісторыкаў і музейшчыкаў, але стаць справай агульнай, тым фундаментам, на якім будуюцца асновы беларускай дзяржаўнасці. Нездарма 2022-гі абвешчаны Годам гістарычнай памяці.
Пра гэта ішла размова ў рэдакцыі “Сельскай праўды” 19 студзеня. На дыялогавую пляцоўку, арганізаваную журналістамі, завіталі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна КАЛЫБСКАЯ, начальнік загса Галіна АКСЮЦІК і першы сакратар райкама БРСМ Кацярына АНДРАСЮК.
Звыкла сховішчамі памяці называюць музеі. Яны робяць вялізную асветніцкую справу, “пагружаючы” нас у мінулае. Вось толькі адзін істотны недахоп: каля музейных экспанатаў звычайна вісіць папярэджанне: “Рукамі не чапаць!” — старадаўнія рэчы не могуць перадаць табе ўсю сваю схаваную за шклом энергетыку.
На сустрэчы ў рэдакцыі такой забароны не было: удзельнікі дыялогавай пляцоўкі маглі не толькі задаць пытанні, як цяпер модна казаць, спікеру мерапрыемства Анатолю БЕНЗЕРУКУ, але й патрымаць у руках артэфакты з вогненнай вёскі Драмлёва.
Гісторык і журналіст падрабязна расказаў пра след, які пакінулі саракавыя агнявыя на нашай зямлі. Нездарма тэма сустрэчы гучала: “Год гістарычнай памяці: Жабінкаўшчына ў часы вайны”. Расказ тычыўся першага ў Беларусі партызанскага атрада, створанага ў нашым Старасельскім лесе. Згадвалася і пра ўпартыя баі 22-23 чэрвеня 1941 года на подступах да Жабінкі і не менш крывавыя падзеі ліпеня сорак чацвёртага, калі па гэтай зямлі ішло вызваленне. І ўсё ж цэнтравым стаў расказ пра Драмлёва, тым больш, што ў гасцей з’явіўся шанц літаральна дакрануцца да мінулага — патрымаць у руках рэчы, бязлітасна апаленыя драмлёўскім полымем 11 верасня 1942 года, прастрэленыя гільзы, гузікі, манеты розных часоў, нацельны крыжык, заручальныя пярсцёнкі…
Гісторыя — рэч няпростая, нездарма здавён яе завуць Настаўніцай жыцця. Аднак наколькі мы вывучым яе ўрокі, залежыць ад кожнага з нас. Таму Год гістарычнай памяці павінен падзяліцца на дні памяці, а тыя, у сваю чаргу, на хвіліны і імгненні.
Антон БЕРАСТОК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.