Скарбаў лепей не шукай і з законам не гуляй

Скарбаў лепей не шукай і з законам не гуляй

Хто ў школьную пару не чытаў прыгодніцкую літаратуру, а потым не пачынаў марыць, каб адшукаць скарбы, схаваныя ў матухне-зямлі?! Ды стаць затым вядомым і багатым… З цягам часу падобныя юнацкія памкненні ў большасці таялі, а вось у Аляксандра Д. яны дасюль засталіся. Нават калі ажаніўся, ён не пераставаў думаць-марыць пра тое, каб набыць металашукальнік і праверыць, што захоўвае родная зямля.
Нарэшце ў мінулым чэрвені да свайго дня нараджэння Аляксандру праз інтэрнэт удалося набыць такі жаданы металашукальнік, і пачалося “абследаванне” навакольных мясцін. Жонку не надта захапляў мужаў занятак, але яна ведала, што ў школе хлопца прываблівала гісторыя, і зараз ён актыўна шукаў даўніну, таму старалася памагчы, калі трэба было падвезці мужа ці забраць пасля раскопак.
На гэты раз шукальніка скарбаў сустрэла мясціна, што ў народзе завуць “Яблыневы сад сядзібы Касцюшкі”, размешчаная паблізу вёскі Зеленкаўшчызна. Гэтай сядзібай некалі валодаў вядомы род Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, і было спадзяванне, што ў сваіх глыбінях зямля хавае нешта цікавае. Неўзабаве шчуп намацаў жалеза. Аляксандр капануў: у ямачцы ляжалі некалькі патронаў, а праз метр — зноў знаходка. Усяго набралася 11 баявых патронаў. Яны былі з цэлымі капсуламі, некаторыя, праўда, кранула карозія, а адзін яўна быў прыгодны для стральбы. Аляксандр сфатаграфаваў знаходку і ўпакаваў у рукзак.
Ён ведаў пра неабходнасць здаваць “небяспечны груз”, ды захацелася захоўваць незвычайную знаходку ў сваёй калекцыі, таму Аляксандр паклаў патроны ў пластыкавую каробачку і паставіў на шафу.
Праз некалькі дзён жабінкавец выклаў паведамленне аб выніках раскопак у групу “Кладоискатели. Нумизматы” ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”, змясціўшы здымак патронаў. Рабілася гэта не дзеля таго, каб прадаць, а проста, каб расказаць пра знаходку.
Аказалася, што зацікавіліся ёю не столькі скарбашукальнікі, колькі супрацоўнікі міліцыі, бо літаральна праз тры тыдні прыйшлі з ордэрам на вобыск. Аляксандр адразу аддаў знаходку і чыстасардэчна расказаў, дзе і як былі здабыты патроны, чаму іх захоўваў у сябе. Людзі ў пагонах таксама канфіскавалі металашукальнік і рыдлёўку, якою адкопваўся скарб.
Адбыўся суд. Аляксандр Д. прызнаны вінаватым у незаконным набыцці, перавозцы і захоўванні боепрыпасаў — у злачынстве, якое прадугледжана часткай 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Згодна з гэтым абвінавачваемаму назначана пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ на адзін год з утрыманнем 10 працэнтаў заробку на карысць дзяржавы, а таксама штрафу ў 30 базавых велічынь, альбо 870 рублёў. Апроч таго, на аснове часткі 1 артыкула 46-1 Крымінальнага кодэкса канфіскаваны металашукальнік “Тіаnхun”, рыдлёўка “Fіskаrs” і рукзак.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top