Дзень, калі дзверы адчыненыя
Традыцыйна прадстаўнікі в/ч 97061 маштабна і цікава адзначаюць сваё прафесійнае свята — Дзень спецыяліста радыёэлектроннай барацьбы. У сувязі з гэтым на базе воінскай часці прайшла ўрачыстасць, якую наведалі і школьнікі з Жабінкі. “Рэбаўцы” цесна супрацоўнічаюць з нашымі ўстановамі адукацыі: як бачыце, не толькі самі прыязджаюць у госці да вучняў, але і з задавальненнем прымаюць іх на сваёй тэрыторыі. У насычанай праграме мерапрыемства былі мітынг з запрашэннем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў БРСМ, а таксама бацькоў вайскоўцаў, паказ узбраення і ваеннай тэхнікі часці. Вядома ж, не абышлося без частавання “салдацкай” кашай і гарачым чаем, каб сагрэцца.
Добрыя справы працягваюцца
У рамках рэспубліканскай акцыі “Цуды на Каляды” першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына АНДРАСЮК з добрай місіяй наведала дзяцей нашага раёна, якія знаходзяцца ў сацыяльнанебяспечным становішчы. Стварыць цуд для хлопчыкаў і дзяўчынак ёй дапамаглі інспекцыя па справах непаўнагадовых РАУС, раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, калектыў і бацькі вучняў Старасельскай школы, аўтаклуб раённай клубнай сістэмы. На працягу зімовых святаў госці наведвалі маленькіх адрасатаў і з найлепшымі пажаданнямі ўручалі ім падарункі.
МААП у РАНС
Калі шмат хто ведае, што другая абрэвіятура расшыфроўваецца як раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, то што ж такое МААП? Гэта моладзевыя атрады аховы правапарадку, якія аб’ядноўваюць актыўных і адказных маладых людзей. Яны зарэкамендавалі сябе як надзейныя партнёры і незаменныя памочнікі ў арганізацыі правапарадку. Прадстаўнікі МААП павінны валодаць спецыяльнай падрыхтоўкай, таму іх навучанню надаецца асаблівая ўвага. Напрыклад, байцы атрада трэцяй гарадской школы прайшлі стажыроўку па асновах бяспекі жыццядзейнасці ў РАНС. Падчас навучання спецыяліст сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю аддзела Любоў ВАЙТОВІЧ і начальнік каравула ПАВЧ № 1 Іван ГАНЧУК расказалі пра абсталяванне, арганізацыю работы і, вядома ж, нагадалі правілы бяспекі.
Перамогі ў Салігорску
У Салігорску прайшоў навагодні турнір па боксе сярод мацнейшых спартсменаў 2006-2007 гадоў нараджэння. Ён сабраў лепшых з лепшых — майстроў скураной пальчаткі, якія станавіліся пераможцамі і прызёрамі ў 2021 годзе. Маладыя людзі з Жабінкі зноў прадэманстравалі высокія вынікі. На першую прыступку па выніках праведзеных паядынкаў падняўся Аляксей Піўчык (вагавая катэгорыя — 51 кг). Другое месца заваяваў баксёр Віктар Халтурын (60 кг). Абодва маладыя чалавекі — кандыдаты ў майстры спорту. Жабінкаўшчына — край сапраўдных майстроў скураной пальчаткі!
Што ў сельскіх бібліятэках?
У перыяд святаў у сельскіх храмах кніг прахо-дзяць душэўныя мерапрыемствы. Напрыклад, у Сцяпанкаўскай бібліятэцы адбыўся літаратурны пікнік “Падарожжа на казачную паляну”, дзе сябе праявілі навучэнцы 3-7 класаў. Дзеці гулялі, удзельнічалі ў конкурсах, адгадвалі загадкі аб казках і ўспаміналі іх герояў. Работнікі Азяцкай бібліятэкі і СДК падрыхтавалі праваслаўную палітру “І радасная вестка гучала ў нябёсах”. Мерапрыемства прысвячалася вялікаму святу — Раству Хрыстову. Госці, сярод якіх быў айцец Вадзім Літвінюк, убачылі невялікі спектакль, пачулі вершы і песнапенні. Хмелеўская сельская бібліятэка арганізавала для маленькіх чытачоў і іх бацькоў экскурсію ў Белавежскую пушчу.
Віншуе рэтрапаштоўка
У Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі новая выстава. На гэты раз яна называецца “Савецкая навагодняя пошта” і дэманструе святочныя паштоўкі часоў СССР. Шмат гадоў таму яны з цёплымі словамі спяшаліся павіншаваць сваіх адрасатаў з зімовымі святамі! Дарэчы, яны працягваюцца: мы віншуем вас са Старым Новым годам і раім убачыць экспазіцыю ў музеі ў Малых Сяхновічах.
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%