У 1857 годзе мітрапаліт Маскоўскі Макарый у сваёй “Гісторыі Рускай Царквы” пісаў: “Імя Пятра Магілы — адно з лепшых упрыгажэнняў нашай царкоўнай гісторыі”. Такой ацэнкі чалавек, які жыў у ХVII стагоддзі, заслужыў за тое, што адстаяў у неспакойныя часы само права на існаванне праваслаўя, быў выдатным асветнікам і кнігавыдаўцом. Дзень памяці мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і ўсёй Русі Пятра МАГІЛЫ — 13 студзеня.
У гэтыя дні адначасова адзначаецца 425 гадоў з дня нараджэння і 375 — са дня смерці Пятра Сымонавіча Магілы (1597-1647).
Ён паходзіў з малдаўскага княскага роду Мавілэ (Магілаў). Пачатковую адукацыю Пётр атрымаў у Львоўскай брацкай школе, арганізаванай для захавання праваслаўнай веры. Затым будучы царкоўны іерарх вучыўся ў Польшчы, Галандыі і Францыі, вольна валодаў лацінскай, грэцкай, польскай мовамі, з юнацтва разбіраўся ў багаслоўі. У маладыя гады ён вызначыўся на палях бітваў, але нарэшце вырашыў прыняць духоўны сан.
Пятру Магіле было ўсяго трыццаць, калі ён стаў архімандрытам Кіева-Пячэрскай лаўры — зна-камітай праваслаўнай святыні. Пётр паспяхова клапаціўся, каб мясцовая друкарня заняла выбітнае месца ва Украіне і Беларусі, пісаў уласныя кнігі і каноны, перакладаў чужыя творы. На царкоўных саборах ён спрабаваў прымірыць праваслаўных з уніятамі, але гэта поспеху не прынесла.
Пётр Магіла прысвяціў значную частку жыцця развіццю праваслаўнай адукацыі ў Рэчы Паспалітай, адкрыў у Кіева-Пячэрскай лаўры першую школу, аб’яднаную ў 1632 годзе з брацкай. Архімандрыт стаў апекуном гэтай установы. Яе абвясцілі Кіеўскай калегіяй — правапераемніцай Кіеўскай акадэміі, заснаванай князем Яраславам Мудрым. Сярод выпускнікоў калегіі было нямала прадстаўнікоў эліты тагачаснай Украіны і Беларусі. Гэткім чынам з імем Пятра Магілы звязана пашырэнне праваслаўнай сістэмы вышэйшай і сярэдняй адукацыі ў дзяржаве.
У 1632 годзе адбылася надзвычай важная падзея: Пётр дабіўся у караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV прызнання неза-
лежнасці праваслаўя ад уніяцтва. Кароль нават вярнуў праваслаў-
ным адмененыя раней прывілеі, пазначаныя ў “Артыкулах для заспакаення рускага народа”. Да таго ж была заснавана епіскапская кафедра ў Мсціславе.
12 сакавіка 1633 года Уладзіслаў зацвердзіў Пятра Магілу кіеўскім мітрапалітам і асобнай граматай аддаў праваслаўным Кіева-Сафійскі сабор. Са свайго боку, Патрыярх дараваў новаму мітрапаліту званне “экзарха святога канстанцінопальскага трона”.
Пасля таго, як яго паставілі мітрапалітам, Пётр Магіла з новай сілай разгарнуў падзвіж-ніцтва ў царкоўнай, адукацый-най, будаўнічай галінах і кнігадрукаванні. Уся яго дзейнасць была накіравана на аднаўленне актыўнага жыцця царквы. Міт-рапаліт прад’яўляў да пастыраў суровыя, але справядлівыя патрабаванні. Тычыліся яны перш за ўсё абавязковай агульнай і багаслоўскай адукацыі, стараннага выканання кананічных правілаў. У сваіх пасланнях уладыка нагадваў святарам пра неабходнасць служыць прыкладам для вернікаў, выконваючы запаведзі Божыя. Дзеля гэтага, лічыў уладыка, неабходна нястомна клапаціцца аб пастве, добрасумленна засцерагаючы сваю годнасць ад усялякіх правін.
Неўзабаве пачалося аднаў-ленне Сафійскага сабора. Мітрапаліт загадаў таксама расчысціць рэшткі Дзесяціннай царквы. Пад яе руінамі знайшліся мошчы вялікага князя Уладзіміра — хрысціцеля Русі. Пётр Магіла за свой кошт аднавіў старую царкву Спаса на Бераставе, для роспісу якой запрасіў мастакоў з Крыта, італьянскага дойліда Актавіяна Манчыні.
Важным клопатам для мітра-паліта стала ўпарадкаванне богаслужбовай практыкі і выдавецкая дзейнасць. Пад яго кіраўніцтвам быў складзены першы вядомы катэхізіс — “Праваслаўнае вызнанне веры”. Кнігу перакладалі і выдавалі ўжо пасля смерці аўтара ад Прагі да Масквы. Доўгі час гэты катэхізіс выконваў ролю поўнага выкладу праваслаўнай веры.
Памёр Пётр Магіла на наступны дзень пасля свайго 50-годдзя —
1 (11) студзеня 1647 года. Праз два месяцы цела паводле волі нябожчыка было перанесена ў Вялікую царкву Кіева-Пячэрскай лаўры.
У наш час магіла мітрапаліта знаходзіцца ў іншым храме — Успенскім саборы, які таксама месціцца на тэрыторыі лаўры. На пахаванні ўстаноўлена чорная гранітная пліта з адпаведным надпісам пра смерць вядомага царкоўнага дзеяча.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%