Многім хочацца ведаць, як, чаму і калі вуліца, на якой яны жывуць, атрымала сваё імя. Таму нязменна ў чытачоў “СП” карыстаецца попытам рубрыка “У нашых вуліц гучныя імёны”. Мы ўжо выказвалі шкадаванне, што ўсяго восем урбонімаў у Жабінцы звязаны з мясцовымі нараджэнцамі. Аднак зрухі ёсць: існуе прапанова, каб у райцэнтры (у новым квартале забудовы “Шчэглікі-Усходні-3”) неўзабаве ўзнікла вуліца імя Васіля Андруховіча.
Хто ж такі Васіль Васільевіч АНДРУХОВІЧ [1940–1989], пра якога 35 гадоў назад ведаў, бадай, кожны?
Ён нарадзіўся 15 жніўня 1940 года ў Азятах. З дзяцінства хлопчыку даводзілася шмат памагаць маці, якая засталася адна. Пасля сямі класаў Васіль вырашыў пакінуць родныя Азяты. Гэта быў час, калі маладыя людзі ехалі асвойваць цаліну ў Казахстане. Запісаўся ў добраахвотнікі і Андруховіч. На абложных землях два гады юнак працаваў прыцэпшчыкам, а затым вярнуўся дамоў. У 1957 годзе ён распачаў працоўную біяграфію ў калгасе “Беларусь”.
У Драгічыне Васіль Васільевіч скончыў курсы трактарыстаў, затым уладкаваўся ў будаўніча-мантажнае ўпраўленне № 4 “Белдзяржторфбуд”, а ў 1968-м — у райсельгастэхніку. Калі ж арганізацыю падзялілі на дзве, Андруховіч стаў шчыраваць у аб’яднанні “Сельгасхімія”. Усё ў яго жыцці было падпарадкавана аднаму — працы. Ён не проста яе любіў — ён жыў сваёй справай і штодня выдаваў на-гара па дзве нормы, выконваючы загадзя пяцігадовыя планы. Працаўнік неаднаразова станавіўся пераможцам рэспубліканскіх, абласных і раённых сацыялістычных спаборніцтваў.
І слава не прымусіла чакаць героя. Услед за медалямі “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна” і “За працоўную доблесць” ягоныя грудзі ўпрыгожылі ордэны “Знак Пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Так адбылося, што Васіль Васільевіч у 1985-м
першым у раёне атрымаў Дзяр-жаўную прэмію СССР, а праз год стаў апошнім (19-м) жыхаром Жабінкаўшчыны, на гру-дзях якога заззяла вышэйшая ўзнагарода Савецкага Саюза — ордэн Леніна. Васіль Андруховіч неаднаразова абіраўся членам райкама Кампартыі Беларусі, быў сапраўдным настаўнікам моладзі, з якой дзяліўся сваім багатым прафесійным майстэрствам.
Закончыў свой жыццёвы шлях Васіль Андруховіч 4 лістапада 1989 года ў вёсцы Целякі.
Падпісаць некралог, прысвечаны памяці выдатнага чалавека, палічылі за гонар кіраўнікі раёна і аб’яднання “Сельгасхімія”. Пражыў шчыры руплівец толькі 49 гадоў. Усяго сябе ён аддаў працы на роднай зямлі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%