Узнагарода — з нагоды юбілею
У гонар векавога юбілею эканамічных органаў Беларусі жыхароў Брэсцкай вобласці, якія ўнеслі немалы ўклад у развіццё рэгіёна, уганаравалі юбілейным медалём “100 гадоў беларускім эканамічным органам”. У іх ліку і кіраўнік Жабінкаўшчыны Вадзім КРАЎЧУК, які атрымаў узнагароду з рук міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова.
Інвестыцыі — у раён!
Ці ведаеце вы, што ў Жабінцы ў 2022 годзе з’явяцца тры дзевяціпавярховыя дамы, а ў наступным — яшчэ чатыры? У раёне запланаванай забудовы размешчаны ўстановы адукацыі, бальніца, у тым ліку будуецца новы дзіцячы сад на 240 месцаў. Да таго ж, плануецца размяшчэнне гандлёвага цэнтра на зямельным участку, што знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Міру і Кобрынскай. Як адзначыў старшыня райвыканкама Вадзім Краўчук, быў праведзены аўкцыён: “У адпаведнасці з заканадаўчымі нормамі кампаніяй ТАА “Крок” набыты ўчастак на права заключэння дагавора арэнды для будаўніцтва гандлёвага аб’екта. Згодна з умовамі праекта яго гандлёвая плошча складзе 2500 квадратных метраў”.
Падарункі — жанчынам-актывісткам
Апошні дзень 2021 года быў насычаны прыемнымі клопатамі і ў старшыні праўлення раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Ганны КУЛАГІНАЙ. Ганна Яўгенаўна сустрэлася з актывісткамі камбікормавага завода. Удзельніцы грамадскага аб’яднання падвялі вынікі года і разам з цёплымі віншаваннямі атрымалі навагоднія падарункі.
Тэатр пачынаецца з…
Думаеце, з вешалкі? Не, памыляецеся! Тэатральная пастаноўка “Снежная Каралева”, якую паказалі выхаванцы студыі “Час перамен”, пачалася… з сімвала Новага года — мілага і гарэзлівага Тыграняці! Ён не паслухаўся маму, смела залез у “вялізную птушку, якая занесла яго да аблокаў”, а потым — пад ёлку да хлопчыкаў і дзяўчынак. Малышы з задавальненнем сачылі, як злая Снежная Каралева з дапамогай Троля захапіла Кая, а Герда паўсюль шукала брата… Напрыканцы казкі дзеці падняліся на сцэну, каб дапамагчы Каю скласці слова “Любоў”. Юныя акцёры (а гэта Маргарыта ЛУГАЎЦОВА, Вікторыя КІСЛАЯ, Аляксандра ПІЛІПУК, Валерый СВІЦІЧ і Станіслаў ЖУКАВАС) правялі для гасцей гульні, танцавалі, стваралі дзецям выдатны настрой.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%