Навагоднія святы — час цудаў і хараства. І ў гэтыя святочныя дні важна, каб кожны маленькі жыхар нашай краіны не застаўся без увагі і клопату дарослых. На гэта накіравана дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, якая кожны год запрашае ў карагод ля ёлкі хлопчыкаў і дзяўчынак, што выхоўваюцца ў шматдзетных, няпоўных, малазабяспечаных сем’ях, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або пакінуты без апекі бацькоў, а таксама выдатнікі вучобы. Каб павіншаваць амаль дзве сотні дзяцей, на дабрачыннае свята ў гарадскі Дом культуры прыйшлі кіраўнік раёна Вадзім КРАЎЧУК, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль ШАЛТАНЮК, намеснік старшыні райвыканкама Іна ТАРАСЕВІЧ і начальнік раённага аддзела па адукацыі Галіна БУРКО.
— На працягу чвэрці стагоддзя штогод у краіне праходзіць акцыя “Нашы дзеці”, — вітаў юных удзельнікаў свята старшыня раёна Вадзім Краўчук. — Для нас, дарослых, гэта магчымасць падарыць часцінку свайго цяпла і клопату тым, хто мае ў гэтым асаблівую патрэбу, а для вас — мажлівасць паверыць у тое, што цуды сапраўды здараюцца. Мы вельмі рады бачыць на вашых тварах усмешкі і гарэзлівыя агеньчыкі ў вачах. Няхай Дзядуля Мароз выканае самыя запаветныя жаданні!
Затым дзяцей чакала музычная пастаноўка. Дзед Мароз, Снягурка, Фіксікі, Снегавік прайшлі шмат выпрабаванняў, каб вярнуць стрэлкі чароўнага гадзінніка, украдзеныя Кікімарай і Бабай Ягой. Казачныя героі вельмі спяшаліся — трэба было як мага хутчэй вярнуць дзецям навагодняе свята! Як у любой казцы, дабро растапіла лёд у сэрцах лясных злодзеяў, і яны разам з юнымі гасцямі танцавалі і спявалі. Святочнага настрою хлопчыкам і дзяўчынкам дадалі салодкія падарункі ад самога Дзядулі Мароза!
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%