Споўнілася 60 гадоў Юрыю МАЛЕНЧАНКУ – расійскаму касманаўту ўкраінскага паходжання. Ён нарадзіўся ў горадзе Хрушчове (сённяшнім Світлаводску) 22 снежня 1961-га. Гэта быў год асаблівы, калі Юрый Гагарын упершыню паляцеў у космас. Таму тысячам хлопчыкам бацькі давалі імя Юра. Так зрабіў і Маленчанка-старэйшы. Ці мог ён тады ўявіць, што прыйдзе час, і яго Юрка таксама стане штурмаваць касмічныя вышыні? І не проста штурмаваць, але перамагаць! Паміж 1994 і 2016 гадамі Юрый Іванавіч здзейсніў ажно шэсць палётаў у космас і агульна правёў на арбіце 827 сутак (другі паказчык у свеце). За перыяд сваіх калязямных адысей палкоўнік Маленчанка пяць разоў пабываў у адкрытым космасе, дзе сумарна правёў амаль 35 гадзін.
У 2003 годзе адбылася яго трэцяя, самая запамінальная касмічная вандроўка, калі Юрый Маленчанка паставіў рэкорд, годны Кнігі рэкордаў Гінеса.
За чатыры месяцы да старта Юрый прапанаваў руку і сэрца амерыканцы Кацярыне ДЗМІТРЫЕВАЙ. Вяселле вырашылі згуляць у жніўні, пасля вяртання маладога на Зямлю. Аднак ужо ў палёце Маленчанка і яго напарнік Эдвард ЛУ даведаліся, што іх касмічная камандзіроўка прадоўжана да канца кастрычніка.
Нявеста чакаць не пажадала і настаяла, каб роспіс адбыўся, як і планавалася, 10 жніўня па законе штата Тэхас. У час урачыстасці малады быў над Новай Зеландыяй, а яго абранніца – у амерыканскім Х’юстане. Гледзячы ў экраны манітораў, яны самі сабе надзелі пярсцёнкі. Сведкам з боку жаніха выступіў Эдвард Лу. Залатое кольца для маладога і гальштукі-матылькі для яго і Эдварда былі дастаўлены на арбіту караблём “Прагрэс”. Марш Мендэльсона на сінтэзатары выканаў сведка. На вясельных пярсцёнках маладых былі выявы Сонца, планет і Міжнароднай касмічнай станцыі. Замест жаніха дакументы падпісаў адвакат. За вясельным сталом Юрый прысутнічаў, але ў выглядзе… фанернай копіі (на здымку). Першую шлюбную ноч па вядомых прычынах таксама давялося адкласці. Праз год Юрый і Кацярына вянчаліся ў Расіі. Іх дачцэ Каміле ўжо пятнаццаць.
Вядома, “касмічнае” вяселле не магло прайці незаўважаным. Сапраўдны разбор палётаў адбыўся пасля прызямлення. Для кіраўніцтва “Раскосмасу” і НАСА Маленчанкаў учынак стаў поўнай нечаканасцю. Таму цяпер у дамове, якую падпісваюць касманаўты і астранаўты перад адпраўкай на арбіту, з’явіўся пункт, забараняючы ім праводзіць падобныя цырымоніі ў палёце. Гэткім чынам, Юрый Маленчанка стаў першым і апошнім чалавекам, які пабраўся шлюбам у космасе.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%