З такімі словамі звярнулася да жабінкаўцаў, якія некалі пераступілі рысу закону, але атрымалі шанц на выпраўленне на волі, памочнік пракурора Таццяна ЖАРЫНАВА. З гэткімі асобамі актыўна працуе назіральная камісія пры раённым выканаўчым камітэце, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Іна ТАРАСЕВІЧ. “У чым поспех прафілактычных размоў з вамі? — задалася пытаннем памочнік пракурора. — Найперш, каб не здараліся рэцыдывы і, знаходзячыся на ўліку, вы не паўтаралі ранейшых памылак. Заўважана: тыя, хто працуе і мае стабільны заробак, наўрад ці пойдуць на крадзеж. На жаль, поруч са злачынствам ідзе алкагалізм, які нярэдка пазбаўляе тармазоў і штурхае на благія ўчынкі. У святочныя дні будзе асаблівы кантроль за тым, як вы адбываеце пакаранне. Раю, як гаворыцца, уступіць з новага года ў новае жыццё”.
Таццяну Валер’еўну падтрымаў старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Антон ЮЗВІК, які заклікаў прысутных адмовіцца ад спіртнога, выконваць усе абмежаванні, каб жыць паўнавартасным жыццём. Паколькі галоўная задача праваахоўнікаў — спыніць за крок да новага злачынства, праверкі ў Новы год і на Каляды могуць здарыцца ў любы час.
Са свайго боку, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга ТАРАСЕВІЧ, калі высветліла, што чацвёра з 15 прысутных на прафілактычнай размове дасюль не працаўладкаваны, прапанавала звярнуцца ў райвыканкам па дапамогу. Але вельмі важна, каб сам чалавек меў жаданне нешта рабіць. Зацікаўленым прамоўца патлумачыла, якія патрэбна сабраць дакументы для ўладкавання на працу.
Завяршылася сустрэча яркай прамовай айца Максіма ВОЛКА, які заклікаў тых, хто некалі аступіўся на жыццёвым шляху, “адамкнуць у сваёй душы дзверы для Бога”, бо, калі “Яго не пусціць у сваё сэрца, гэта стане дарогай у нікуды”.
Антон БЕРАСТОК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%