Валянціна РАЙ, Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна:
— На палітычнай карце свету суверэнная і незалежная Беларусь існуе тры дзесяцігоддзі. Гэты тэрмін — значны гістарычны перыяд для маладой краіны. Веру, што яе далейшы лёс кранае сэрцы і душы большасці беларусаў.
Абмеркаванне змяненняў у Канстытуцыю — чарговы крок у гісторыі Айчыны. І правільна паступіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, што прапанаваў народу паўдзельнічаць у абмеркаванні новай Канстытуцыі. Паступіла мноства прапаноў, якія Канстытуцыйная камісія абагуліла і абмеркавала са спецыялістамі. Абноўлены Асноўны Закон будзе вынесены на рэферэндум, які мае адбыцца ў лютым 2022 года.
Наконт гэтага хочацца падзяліцца сваімі думкамі. Я аддала дзяржаўнай службе больш за 30 гадоў жыцця: працавала старшынёй гарсавета, намеснікам старшыні райвыканкама, сакратаром райкама партыі, старшынёй райвыканкама, была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР XI склікання. Неяк падчас выступлення на адным з пленумаў мне давялося аналізаваць Канстытуцыю 1977 года. З нецярпеннем чакала апублікавання праекта новага Асноўнага Закона, каб правесці паралелі паміж прынятай у 1994 годзе і плануемай у 2022-м. Асабліва зацікавіў новы раздзел, у якім вызначаны фарміраванне, паўнамоцтвы і статус Усебеларускага народнага сходу. Ведаю, што будуць змяненні наконт узросту кіраўніка дзяржавы і тэрміну займаемай пасады. Лічу, што кіраўнік любога рангу павінен мець добрыя арганізатарскія здольнасці, быць сціплым, справядлівым, умець выслухаць любога чалавека і прымаць правільныя рашэнні. Гэта адносіцца як да кіраўніка маленькай арганізацыі, так і да цэлай дзяржавы.
Многае змянілася з тае пары, як наша Беларусь займела суверэнітэт. Радуюць дасягненні ў эканоміцы, сацыяльнай сферы, ахове здароўя, сельскай гаспадарцы і іншых сферах. Ды чаго далёка хадзіць — якая стала наша Жабінка за апошнюю чвэрць стагоддзя! Цешуся, калі на заасфальтаваных вуліцах бачу маладых бацькоў з дзеткамі ў калясках. Растуць маленькія беларусы, наша будучыня і апора! У часы маёй маладосці немаўлятак адносілі ў яслі зусім маленькімі, а зараз такая раскоша — мець аплачваемы дэкрэтны адпачынак да трох гадоў, прадугледжаны сямейны капітал — мы пра такое і думаць не маглі.
Спадзяюся, што людзі цэняць тое, што маюць: мір і спакой на нашай зямлі. Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць усіх жыхароў Жабінкаўшчыны з Новым годам, пажадаць здароўя, міру і дабрабыту!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%