Святы павінны быць бяспечнымі
Рэспубліканская прафілактычная акцыя “Бяспечны Новы год” стартавала ў Беларусі 14 снежня. Асноўныя мерапрыемствы праходзяць і на Жабінкаўшчыне. У першыя яе дні супрацоўнікі МНС ужо правялі прафілактычныя сустрэчы з людзьмі шаноўнага ўзросту. З 20 па 24 снежня яны арганізуюць мерапрыемствы са школьнікамі, правядуць гутаркі з сем’ямі, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Затым ініцыятыва працягнецца ў кропках продажу піратэхнічных вырабаў і месцах з масавым знаходжаннем людзей. Акцыя разлічана на тры этапы і завершыцца ў апошні дзень гэтага года.
Узнагарода за веды
Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і наша газета вось ужо некалькі гадоў вядуць сумесны праект “101 на варце спакою”, які мае і дзіцячую рубрыку. У мінулым выпуску мы прапанавалі юным чытачам праявіць свае веды правілаў бяспекі і атрымаць за гэта прызы. Паспяхова справілася з усімі заданнямі трэцякласніца СШ № 3 Злата Мацвяюк, якая атрымала ў падарунак набор тэматычнай наглядна-выяўленчай прадукцыі і сертыфікат на наведванне ўсёй сям’ёй навучальна-адукацыйнага цэнтра бяспекі МНС у Брэсце. Дзяўчынку ўзнагародзіла спецыяліст сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Любоў Вайтовіч і правяла з вучнямі цікавыя заняткі “Гэтая запалка невялічкая”, накіраваныя на папярэджанне пажараў з-за дзіцячага свавольства з агнём. Паважаныя дарослыя, не пакідайце малых без нагляду, навучыце іх правілам пажарнай бяспекі, прыбярыце ў недаступныя месцы запалкі і запальніцы. Тэлефоны службы выратавання 101 ці 112.
Мерапрыемствы на дарозе
На працягу трох дзён з 16 па 18 снежня на Жабінкаўшчыне праводзяцца рэйдавыя мерапрыемствы па прафілактыцы траўміравання на чыгуначным транспарце. Супрацоўнікі ДАІ акцэнтуюць увагу на правілах перасячэння чыгункі. Яны дзеляцца рэкамендацыямі па кіраванні транспартам на зімовай дарозе. Паважаныя кіроўцы, памятайце: тармажэнне рухавіком — найболей эфектыўнае, а каб пазбегнуць прабуксоўкі на месцы на заледзянелай дарозе лепш кранацца з другой перадачы. Зніжайце хуткасць, калі пад’язджаеце да прыпынкаў грамадскага транспарту і пешаходных пераходаў, імкніцеся не ўжываць тармажэнне на дарожнай разметцы — гэта самыя слізкія месцы. Вытрымлівайце бяспечную дыстанцыю, забудзьцеся аб руху накатам на нейтральнай перадачы, не рабіце рэзкіх рухаў.
Па навагодні настрой!
Спачатку зіма парадавала нас сняжком, а пасля засмуціла дажджамі. Таму ў вас зусім няма святочнага настрою? Супрацоўнікі нашай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы дапамогуць яго ўзняць! Заходзьце на сайт zhabinkalib.by і выбірайце занятак на свой густ. Напрыклад, можна наведаць віртуальную выставу кніг “Калядны цуд”. На ёй прадстаўлены творы для дзяцей і дарослых, якія дапамогуць вам сагрэцца, акунуцца ў атмасферу свята і паверыць у казку. А можна выпрабаваць удачу ў рубрыцы “Навагоднія прадказанні”. Вясёлыя тыграняты раскажуць, якім для вас будзе надыходзячы год.
Няма межаў у творчасці
Па святочны настрой можна зазірнуць і ў Жабінкаўскі раённы цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі. Там праходзіць адразу некалькі тэматычных зімовых выставак. Наведвальнікі могуць убачыць малюнкі выхаванцаў аб’яднанняў “Чароўная палітра” (педагог Ірына Бялавенцава) і “Я малюю” (кіраўнік Алена Філіповіч). Прадстаўлена таксама крэатыўная выстава “У снежным царстве…”. У гэтай экспазіцыі сабраны вырабы вучняў аб’яднанняў па інтарэсах “Ізадызайн” і “Майстэрня флордызайну”, дзе таленты хлопчыкаў і дзяўчынак раскрывае Святлана Постнікава.
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%