Амаль штогод — усё больш узнагарод

У бясконцай чарадзе прафесійных святаў вылучаецца Дзень эканаміста. Бо немагчыма ўявіць жыццё без эканамічнага руху, як нельга пераацаніць ролю тых, хто гэты рух забяспечвае. Сёння наш расповед пра Іну Гаўрысюк — галоўнага эканаміста Жабінкаўскага камбікормавага завода.

Першы жнівеньскі дзень 1992 года, калі Іна Анатольеўна ўпершыню пераступіла парог роднага прадпрыемства, назаўсёды застаўся ў памяці.
Уладкавалася апаратчыкам камбікормавай вытворчасці, а гэта значыць — давялося пачынаць кар’ерны рост з самых нізоў. Другая прыступка была адолена, калі завочна паступіла ў Беларускі інстытут правазнаўства на бухгалтарскі ўлік, аналіз, аўдыт і стала ў сакавіку 1994-га бухгалтарам, а затым бухгалтарам-эканамістам.
Нарэшце, з 15 мая 2003 года і па сённяшні дзень Іна Гаўрысюк узначальвае эканамічны аддзел буйнога прадпрыемства, прадукцыя якога вядома далёка за межамі раёна, вобласці, краіны. Пры гэтым функцыі, якія даводзіцца выконваць, — надзвычай шырокія. Фактычна Іна Анатольеўна (калі зважаць на эканоміку завода) — сапраўдная правая рука дырэктара.
А гэта немалы груз адказнасці. Усё абумоўлена вытворчасцю няпростай і маштабнай. У ёй занятыя больш за чатыры сотні чалавек. Таму і справы, ускладзеныя на плечы галоўнага эканаміста, надзвычайныя.
— У маіх прафесійных абавязках і аналіз фінансава-гаспадарчай дзейнасці завода, і фарміраванне цэнаў на сыравіну ды гатовую прадукцыю, і штатны расклад ды аплата працы, і тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні, і гадавыя бізнес-планы інвестпраектаў — усё адразу нават не палічыш. Калі прасцей: даводзіцца штодня круціцца, як вавёрка ў коле, — заўважае з усмешкай жанчына, а потым дадае: — Люблю сваю прафесію, завод, таму так шмат гадоў яму прысвечана. А вось даваць сабе ацэнку не бяруся — няхай адзнаку лепш паставяць людзі. Бо нездарма ў народзе кажуць: сам не хваліся — хай пахваліць іншы.
Слушная заўвага. Вось факты, а яны, вядомы ж, рэч упартая. Імя і прозвішча Іны Гаўрысюк не раз ужо было адзначана не толькі на заводскай Дошцы гонару, але і раённай. Яна занесена ў Кнігу працоўнай славы роднага завода. Іна Анатольеўна з гонарам згадвае, наколькі шмат адзнак поспеху мае роднае прадпрыемства. Але і ўласную скарбонку яе ўзнагарод таксама папаўнялі з году ў год граматы ад Дэпартамента, а затым аб’яднання хлебапрадуктаў, кіруючай кампаніі “Брэстмясамалпрам”, Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта і, канечне, непасрэдна камбікормавага завода. Шмат гадоў Іна Гаўрысюк узначальвала Назіральны савет прадпрыемства (на сённяшні дзень яна яго сакратар), была і дэпутатам райсавета.
Для Іны Анатольеўны Дзень эканаміста ў нечым сямейнае свята. Разам з мужам Уладзімірам Паўлавічам, які пэўны час працаваў на камбікормавым слесарам-наладчыкам, нарадзіла, узгадавала дзвюх дачок. Старэйшая Дзіна Хамюк пайшла яе дарогай і цяпер працуе эканамістам у аддзеле, які ўзначальвае маці. Малодшая Аксана Панасюк таксама на заводзе, працуе інжынерам-лабарантам у вытворча-тэхнічнай лабараторыі. Дочкі маюць поспех не толькі на працы, але й сямейнае шчасце прыдбалі і ўжо пяць разоў узнагародзілі бацькоў ганаровым “званнем” бабулі і дзядулі. Валерыя, Віктар і Уладзіслава, Андрэй і Аляксандра пакуль школьнікі, але хутка час ляціць ад першага званка да апошняга. Хто ведае, калі давядзецца рабіць жыццёвы выбар, мо нехта з унукаў вырашыць, як бабуля, што Дзень эканаміста яго свята?..
А зараз галоўны эканаміст камбікормавага завода карыстаецца магчымасцю, каб праз газету павіншаваць іншых:
— Перш-наперш — поспехаў усім, хто адзначае сёння свята. Цудоўна разумею: калі фінансавую стабільнасць будуць мець нашы прадпрыемствы, яе адчуюць і асобныя працаўнікі. Таму цярплівасці, удачы кожнаму, здароўя моцнага на доўгія гады!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: галоўны эканаміст камбікормавага завода Іна ГАЎРЫСЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.