У апошнюю нядзелю чэрвеня юнакі і дзяўчаты Жабінкаўшчыны адзначалі Дзень моладзі і студэнцтва (так-так, ніякай памылкі тут няма: 25 чэрвеня Прэзідэнт нашай краіны падпісаў указ аб перайменаванні Дня моладзі ў Дзень моладзі і студэнцтва).
Распачаліся святочныя мерапрыемствы велаквэстам “У рытме горада!”, які ладзіўся на гарадскім стадыёне. У ім паўдзельнічалі выхаванцы лагера працы і адпачынку “Энтузіяст” першай гарадской школы. Хлопцы і дзяўчаты падзяліліся на дзве каманды і на веласіпедах пераадольвалі паласу перашкод. Хутчэй і лепш за сапернікаў справіліся ўдзельнікі каманды “Валошка” – ім было прысуджана першае месца. Кіраўнік раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ” Кацярына Андрасюк – арганізатар квэсту – уручыла пераможцам дыплом і флікеры, а камандзе “Канюшына”, якая заняла другое месца, – дыплом і бранзалеты.
А 16-й гадзіне пачалася канцэртная праграма «Планета пад назвай “Маладосць”». Слухачоў і гледачоў парадавалі сваімі выступленнямі выхаванцы вакальнай дзіцячай студыі “Зорны дождж” Насця Трацэвіч, Злата Лукашэвіч і ансамбль “Страказа”. Дзяўчаты навучаюцца ў таленавітага педагога Галіны Міцковіч.
Вакалісткі аздобілі свята прыгожымі спевамі, а ўдзельнікі конкурсу малюнкаў на асфальце – яркімі фарбамі. Журы не змагло аддаць перавагу некаму аднаму і выбраць лепшы малюнак, таму кожны юны мастак атрымаў сувенір-падарунак.
Тое, што лепшае на свеце – гэта нашы дзеці, даказала гульнёвая праграма пад такой назвай. Гульні-забаўлянкі ладзіла для малечы рэжысёр клубнай сістэмы Яна Макасюк. Што цікава, у іх удзельнічалі чамусьці толькі дзяўчынкі, якія хадзілі паравозікам, танцавалі, выстройваліся па росце, узросце, памеры абутку, першай літары імя, даўжыні валасоў…
З’явіліся неўзабаве на танцавальнай пляцоўцы і хлопчыкі, ды яшчэ якія: статныя, спартыўныя, дужыя. Юныя каратысты з клубных фарміраванняў “Сайха” і “Гару” пад кіраўніцтвам Віктара Журомскага прапанавалі ўвазе гасцей свята паказальныя выступленні, якія выклікалі шчырае захапленне.
З задавальненнем дзеці паўдзельнічалі ў флэшмобе з роставай лялькай Ільвом Алексам. Яму, махнатаму, было горача на сонцы, таму хлопчыкі і дзяўчынкі моцна яго абнялі, пашкадавалі і падзякавалі за танцы.
Пакуль малеча скакала-танцавала, моладзь у парку ў чарговы квэст гуляла. Першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Андрасюк прыдумала для юнакоў і дзяўчат заданні пра Жабінку і яе славутыя мясціны. Пераможцай спаборніцтва стала каманда “Полацк” першай гарадской школы.
На алеі гарадскога парку працавалі батуты, можна было паласавацца салодкай ватай ці папкорнам, астудзіцца халодным квасам. Хлопчыкі і дзяўчынкі “раскручвалі” бацькоў на цацкі-забаўкі, сувеніры, удзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі.
Завяршылася свята маладзёжнай дыскатыкай. Надвячоркам Жабінка патанула ў музычных рытмах і танцавальных рухах! Моладзь адзначала свой дзень!
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
