“Там людзі не жывуць, закопаныя хаты…”

Для Ганны Краўцовай дзень 26 красавіка заўсёды напоўнены горкім палыном успамінаў. Тады, 35 гадоў назад, зямлю ды воды атруціла радыяцыя, многіх яна асіраціла, са-гнала з нажытых месцаў.

Няма ўжо на свеце роднай вёскі Смалегаў, куды Ганначка малою хадзіла ў пачатковыя класы. Там людзі не жывуць, закопаныя хаты, і толькі маладыя парасткі жывых калісьці дрэў акрэсліваюць месца, дзе некалі стаяў бацькоўскі дом.
— А як раней было там гожа! — засмучана гаворыць Ганна Пятроўна. — Вёска — невялічкая, але цудоўная, асабліва ў агульныя святы, калі ўсе яе жыхары сыходзіліся разам, праводзілі ў войска хлопцаў ці ладзілі агульныя бяседы, калі багацця, шчасця, дзетак жадалі маладым. Усе былі нібыта як свае, блізкія людзі.
Падтрымлівалі адзін другога, калі было шчасліва на двары і як, не дай Гасподзь, надарыцца з кім гора. І хто ж тады падумаць мог, што прыйдзе чорная бяда разоў у сотню горшая за буру-навальніцу?!
Бо ўсё жыццё ішло-гучала, як па нотах. За дзесяць год да Чарнобыля Ганна скончыла сярэднюю школу, адвучылася на бухгалтара, размеркавалася ў саўгас “Нараўлянскі”. Гаспадарка, якую тады ўзначальваў Генадзь Бульскі, была моцнаю, працаўнікі нястомна шчыравалі на зямлі. І за тое яна шчодра дзякавала хлебаробам і жывёлаводам добрымі ўраджаямі, прыбаўленнямі вагі на вялікім свінакомплексе.

Так і рухалася жыццё сваім колам, пакуль не наступіў той дзень — 26 красавіка 1986 года. Нездарма ён цяпер назаўсёды афарбаваны ў чорны колер…
У хуткасці, ужо пад вечар, з вуснаў у вусны паціху паплылі розныя размовы. А чуткі — папярэднікі бяды. І хоць ніякіх афіцыйных вестак не было, ды тое яшчэ больш прымусіла захвалявацца. Бо радыяцыйная хмара не абмінула Нароўлю з наваколлямі. І палыновы прысмак многія адчулі, тады й у сэрцы, думкі пагрукаўся вялікі неспакой. Паколькі “мірны” атам рукой памацаць немагчыма, аднак яго прысутнасць міжволі стала адчувальнай.
Ужо пасля Першамая зачасцілі спецыялісты з райцэнтра, раз-давалі ёд, медыкаменты. Яшчэ параілі часцей у хаце прыбірацца, завешваць вокны — сонца не пускаць. Ну, а ягоны яркі дыск нібыта распаліўся. Замест ласкавай цеплыні — патэльня. Гарэла тое сонца, прыносячы гарачыню, спякоту, уратавацца ад яго было няпроста…
Ды толькі чалавеку не сядзіцца ў хаце. Не можа ён без працы. Саўгас працягваў свае справы, аралі, сеялі, каб зноў у час узняўся колас…
Бяду не ведалі ў твар, ніхто яе не знаў “прывычкі”. А той, хто знаў, — маўчаў… Бо большасць верылі, што гэта ненадоўга. Мо тыдзень, два — і скончыцца бяда. Аднак і год прайшоў, другі мінуў, за імі трэці… пяты… сёмы… Чарнобыль нікуды не адступаў.
Вось і вырашыла Ганна Пятроўна з мужам Міхаілам Міхайлавічам пераехаць з усходу Беларусі на яе захад. Яшчэ раней (мо першым з нараўлянцаў) на Брэстчыне апынуўся былы дырэктар саўгаса. Генадзь Яфімавіч і паклікаў Краўцовых, якіх ведаў як добрых работнікаў ды людзей харошых, прапанаваў пасяліцца ў Жабінкаўскім раёне.
Найбольш так званых “чарно-быльскіх” дамоў, акрамя самой Жабінкі, тады будавалася ў Азятах. Гэткім чынам яны і апынуліся ў старадаўнім паселішчы. Прыкладна адначасова з Краўцовымі сюды пераехалі сем’і Лаўшукоў, Бортнікаў, Зубаў, Сініцкіх ды іншых, што раней былі нараўлянцамі, а па волі лёсу сталі азятчукамі.
Наша размова была ў разгары, калі ў хату завітала суседка Ганна Лаўшук. Па суседстве ды па-суседску ў самым лепшым сэнсе гэтага слова дзве Ганны жывуць увесь век. Абедзве нарадзіліся ў Смалегаве, былі побач у Нароўлі, а зараз — і ў Азятах сяброўкі разам. У Ганны Ярасаўны — свая жыццёвая гісторыя, звязаная з чарнобыльскай бядой. Раскажам і пра яе ў свой час.
А пакуль гаспадыня дома расхвалявалася, слёзы пырснулі з яе вачэй. Фатаграфавацца згадзілася толькі з сяброўкай, якая ўгаварыла зрабіць картачку на памяць. Гэтак і трапілі на агульнае фота дзве нараджэнкі вёскі, якой няма ўжо на свеце. Справа — Ганна Лаўшук, побач — Ганна Краўцова.
…Хутка чарговая гадавіна аварыі на ЧАЭС — сумны юбілей трагедыі, закрануўшай народы і краіны. Тым, хто гэта перажыў не па кнігах або фільмах, ужо і не верыцца, што мінула ажно трыццаць пяць гадоў, як Чарнобыль падзяліў людскія лёсы на “да” і “пасля”.
— Год таму была і сёлета планую прыехаць на татаву магілу, які знайшоў апошні свой спачын на родным пагосце, — сказала на развітанне Ганна Пятроўна. Слёзы яшчэ зіхацелі ў вачах, таму і дадала з сумам: — Былыя аднавяскоўцы па ўсёй Беларусі раз’ехаліся. Цяпер толькі такая сумная нагода дазваляе сустрэцца. Колькі магіл — столькі і “гасцей” да іх…
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.