У будынку Ленінскага СДК для дзяцей створана школа, у якую малеча з задавальненем ходзіць на заняткі. “Школа? У клубе? Не можа быць!” — скажа ўважлівы чытач. Можа, бо яна не звычайная, а школа народнай творчасці. А яе кіраўнік Тамара Клімук вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак рабіць маленькія цуды ўласнымі рукамі. Усяго тут дзейнічаюць чатыры гурткі: вышыванне крыжыкам, вязанне кручком, работа з бавоўнай і ткацтва. Тамара Васільеўна валодае ўсімі гэтымі тэхнікамі і з радасцю дзеліцца сваімі ўменнямі з юнымі жыхарамі аграгарадка Ленінскі.
— Радуюся, назіраючы, як запальваюцца вачаняты выхаванцаў, калі тыя бяруцца за новую работу, як паступова ў іх руках спачатку непаслухмяны кручок выводзіць аднолькавыя пяцелькі, а іголка пракладвае ніткай роўны “хвост” на вышыванцы, — кажа Тамара Клімук. — Дзеці настолькі захапляюцца працэсам, што губляюць адчуванне часу і гатовы заседжвацца да апоўначы. Тады даводзіцца нагадваць, што трэба спяшацца дадому, каб падрыхтаваць хатнія заданні.
Хлопчыкам і дзяўчынкам тут сапраўды цікава і ўтульна. Сцены, паліцы шафаў пакоя школы народнай творчасці ўпрыгожаны работамі выхаванцаў. Тут мноства вышыванак, вязаных цацак, габеленаў, забавак з валянай поўсці і нават саматканых насовачак. Як правіла, усе спрабуюць тварыць у розных тэхніках і спыняюцца на тым, што больш па душы. Самыя актыўныя выхаванцы Аня і Маша Казловы, Паліна Ігнацюк, Ягор Кавылін, Ягор і Радыён Курыны, Насця Шэдава, Руслана Яшчук, Таіса Баландзюк, Сафія Кулікоўская, Ганна, Насця, Вольга і Даша Шамайла ўжо зараз не ведаюць праблем з падарункамі для родных на ўсялякія святы — ствараюць іх самі!
— Дзеці не толькі вучацца майстраваць, што вельмі спатрэбіцца ім потым у дарослым жыцці, — лічыць Тамара Клімук. — На занятках яны вывучаюць гісторыю нашага краю, традыцыі, характэрныя для нашага рэгіёна. Напрыклад, калі дзяўчынкі вышываюць крыжыкам узоры, даведваюцца, якія з іх былі больш распаўсюджаны на адзенні ды ручніках і які сэнс мелі. Узоры “Радзіма”, “хлеб” “зямля”, “жанчына”, “поле” і іншыя — гэта сапраўдная малітва на адзенні нашых продкаў. Дарэчы, нашы выхаванцы часта наведваюць этнаграфічны пакой, у якім сабрана выстава ільняных рэчаў, пашытых і ўпрыгожаных рукамі нашых продкаў. Некаторым кашулям і спадніцам больш за сто гадоў! Дзеці маюць магчымасць пабачыць іх і паўтарыць узоры на сваіх сурвэтках.
Яшчэ нашы выхаванцы любяць ткаць. Так, у нас ёсць сапраўдныя кросны, на жаль, яны даўно не выконваюць сваё прызначэнне. Таму дзеці ткуць на маленькіх кроснах, хаця хочацца набыць памерам паболей. Жартуюць, што адчуваюць сябе слуцкімі ткачыхамі. Потым з гэтых саматканых лапікаў ствараюць лялькі-самакруткі, як гэта рабілі нашы прабабулі. Многія работы нашых выхаванцаў неаднойчы адпраўляліся на выставы дзіцячай творчасці ў Брэсце.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
