Мікалай ЛУГАЎСКІ: “Атрымаў натхненне на далейшыя справы”

Надзвычай насычаным выдаўся мінулы тыдзень для дэлегата VI Усебеларускага народнага сходу Мікалая Лугаўскога. Да паўсядзённых клопатаў старшыні Ленінскага сельвыканкама ў яго дадаліся сустрэчы з грамадзянамі ў родным аграгарадку, Азятах і Залуззі. Хоць мінуў месяц пасля форуму, але жыхароў Жабінкаўшчыны цікавіць, як ён праходзіў, якіх вынікаў чакаць ад сходу.

Мікалай Лугаўскі прызнаецца: за тыя тры лютаўскія дні не толькі яшчэ больш пазнаёміўся са сталіцай, але атрымаў зарад натхнення на далейшыя справы. Працавалі так званыя “адкрытыя мікрафоны”, і многія з дэлегатаў скарысталіся імі, каб данесці свае меркаванні і пажаданні.
Усе пытанні, разгледжаныя на сходзе, на думку Мікалая Васільевіча, вельмі важныя. Нездарма лозунгам форуму сталі словы “Адзінства. Развіццё. Незалежнасць”.
На першым месцы бясспрэчна стаіць нацыянальная бяспека, бо Беларусі “неабходна супрацьстаяць усім знешнім і ўнутраным пагрозам”. Асобна разглядаліся адносіны з асноўным эканамічным і стратэгічным партнёрам — Расіяй. Пры гэтым Прэзідэнт краіны і іншыя выступоўцы падкрэслівалі: “Супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы мяркуе поўнае захаванне суверэнітэту абедзвюх краін”.
Вялікая колькасць задач скіравана на вырашэнне эканамічных пытанняў. Так, у будучай пяцігодцы плануецца стварыць кластары, у якіх да буйных кампаній будуць прывязаны малыя і сярэднія прадпрыемствы. Мяркуецца асвоіць выпуск каля трохсот відаў імпартазамяшчальных тавараў. У прыярытэце — будаўніцтва жылля для вяскоўцаў. Плануецца стапрацэнтна забяспечыць беларусаў вадой пітной якасці. Дзеля гэтага ў краіне ўзвядуць васемсот станцый абезжалезвання і трыста водазаборных свідравін. Акрамя таго, будуць адрамантаваны не менш за сем тысяч кіламетраў дарог, рэканструяваны 24 мосты.
Асобная ўвага на форуме ўдзялялася таксама развіццю рэгіёнаў, узроўню даходаў насельніцтва, пенсійнай сістэме, падаткам і зборам. Прынамсі, задача дзяржавы — зрабіць так, каб “заплаціць падаткі было лёгка і зразумела, а падатковая нагрузка была справядлівай”.
Асобна многія дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу закраналі сацыяльныя пытанні, найперш тыя, што тычацца аховы здароўя і адукацыі.
Так, у Беларусі будзе арганізавана бясплатная вакцынацыя ад каранавіруса. Важнымі падаюцца праграмы “Здаровая нацыя” і “Шматдзетная Беларусь”. Першая мае раздзелы і падраздзелы, прысвечаныя мабільнай медыцыне, крокавай даступнасці меддапамогі, адпачынку для здароўя, высокатэхналагічнай медыцыне ў рэгіёнах і гэтак далей. У выніку плануецца, што тузін міжрэгіянальных цэнтраў атрымаюць усё неабходнае — па сталічных стандартах! — для аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. Другая праграма пашырыць межы выкарыстання сямейнага капіталу, правы жанчыны пры нараджэнні чацвёртага дзіцяці на працоўную пенсію, нават пры адсутнасці працоўнага стажу, ды іншае.
У наступнай пяцігодцы чакаецца яшчэ большае ўкараненне навейшых тэхналогій і ў навучальны працэс, будзе замацаваны статус дыстанцыйнай адукацыі. “Што вельмі істотна, — падкрэсліў прамоўца, — захоўваюцца прынцыповыя падыходы ў адукацыі. У іх ліку — дзяржпадтрымка, мэтавы набор, бясплатнасць, справядлівасць, роўны доступ да якаснай адукацыі, гарантаванае першае працоўнае месца.
Сыходзячы з уласнага жыццёвага вопыту, Мікалай Лугаўскі лічыць вельмі правільным, што на форуме было шмат сказана пра работу з моладдзю і выхаванне грамадзяніна-патрыёта: “Гэта сапраўды агульная задача сям’і і школы, якія павінны выхоўваць сапраўдных грамадзян Беларусі на прыкладзе шчырай любові да роднай зямлі, гонару за дасягненні свайго народа, беражлівых адносінаў да гістарычнай спадчыны, павагі традыцый і каштоўнасцяў многіх пакаленняў беларусаў, канкрэтных спраў на карысць краіны. Дзеці і ўнукі павінны быць захавальнікамі культурнага кода нацыі”.
Размова выклікала інтарэс у тых, хто прыходзіў на сустрэчы. Вядома, вяскоўцаў цікавілі таксама на-дзённыя пытанні сваёй мясцовасці. Так, у Залуззеўскім Доме народнай творчасці, дзе праходзіла сустрэча, жыхары гэтай вёскі скарысталіся тым, што разам з Мікалаем Лугаўскім быў і старшыня Жабінкаўскага сельвыканкама Мікалай Галавейка. Залуззеўцаў, у дамах якіх нярэдка гасне святло, хвалявала, калі адбудуцца рэканструкцыя лініі электраперадачы, што цягнецца да іх вёскі, і рамонт тутэйшай дарогі. Былі пытанні, якія тычыліся работы аўталаўкі і магчымасці атрымаць накіраванне на вучобу.
Антон БЕРАСТОК
Фота Святланы БЯЛЯК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.