Сябар з тваёй карткай — ужо не сябар

Гэта вельмі тыповая жыццёвая сітуацыя, якая дапамагае высветліць, які перад табою чалавек, ці можна яму давяраць, як гаворыцца, разам у разведку выпраўляцца.
У той дзень Віктару Б. вельмі закарцела выпіць, нават пляшка знайшлася, але ўжываць спіртное ў адзіноце ён не навучаны. Мужчына чакаў напарніка, і той неўзабаве паявіўся.
Ад прапанаванай чаркі Сяргей А. не адмовіўся. Сядзелі, выпівалі, гаманілі. У ходзе сяброўскага сталавання ў мужыкоў скончыліся цыгарэты. Віктар дастаў пластыкавую картку ААТ “Беларусбанк”, на якую налічваюць заработную плату, на другім баку напісаў маркерам рэквізіты і паслаў Сяргея па курыва. Той прынёс пачку цыгарэт і вярнуў картку. Аднак гэта быў толькі пачатак паходаў у краму.
Скончылася гарэлка — Віктар зноў паслаў сябрука ўзяць пляшку. “Агнявая вада” зрабіла сваю справу, у выніку, ці вяртаў Сяргей банкаўскую картку, узятую у таварыша, ён не памятаў. Але як заўтра сабраўся ў магазін, у кішэні штаноў знайшоў Віктараву картку і вырашыў разлічыцца ёю, набраў спіртнога ды закускі на 58 рублёў 95 капеек.
Вяртаючыся дамоў міма банкамата, Сяргей вырашыў праверыць, ці не засталіся на картцы грошы. Як высветлілася, сродкі яшчэ былі, і часовы трымальнік карткі зняў 100 рублёў на кішэнныя расходы.
А што ж гаспадар? Толькі на другі дзень Віктар Б. спахапіўся, што пластыкавай карткі няма. Паехаў на месца, дзе ўчора выпівалі. Яе, вядома, не знайшоў і пазваніў у банк, каб заблакіравалі ягоны рахунак, бо згубіў картку. Аператар банка, са свайго боку, агаломшыў паведамленнем: маўляў, сёння, паважаны, у вас знялі 100 рублёў!
Віктар — да Сяргея. Таму б адразу адкрыцца і папрасіць прабачэння ў сябрука. Сяргей жа заявіў, што картку згубіў, а грошай ніякіх у яго няма. Праўда, калі прыехалі супрацоўнікі міліцыі, Сяргею давялося прызнацца, што картка ў яго і менавіта ён разлічваўся ў прадуктовым магазіне, а сотню пазней зняў з рахунку.
Так што той, каго яшчэ ўчора Віктар лічыў сваім сябрам, сёння такім ужо не быў: на злодзея была заведзена крымінальная справа.
Суд адбыўся напрыканцы 2020 года. Ён прызнаў Сяргея А. вінаватым у крадзяжы маёмасці шляхам увядзення ў камп’ютарную сістэму лжывага паведамлення, спалучанага з несанкцыянаваным доступам да камп’ютарнай інфармацыі. На аснове часткі 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь падсуднаму было назначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь, альбо на суму 810 рублёў.
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ,
суддзя суда Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.