Валянцін Б. распрацоўваў турыстычную сцежку па беразе ракі Мухавец і Дняпроўска-Бугскага канала. З гэтай мэтай ён скалясіў да сотні кіламетраў на сваім веласіпедзе па некалькіх раёнах Брэсцкай вобласці. На шляху яго вандровак аказаўся прыпынак і ў нашых Замошанах. Затым аматар роднага краю заехаў у Жабінку, а адтуль скіраваўся дамоў у Брэст.
І толькі назаўтра спахапіўся, калі не знайшоў у кішэнях пластыкавай карткі ААТ “Белаграпрамбанк”, на якую яму пералічвалася пенсія. Валянцін пачаў думаць, дзе мог яе згубіць. Неўзабаве яму патэлефанавалі. Званок аказаўся добрай весткай з Жабінкаўскага райаддзела міліцыі, скуль мужчыне паведамілі, што яго банкаўская картка знойдзена. Праваахоўнікі прапанавалі неадкладна прыехаць у Жабінку і забраць картачку, бо нехта ўжо здымаў з яе грошы.
Што ж адбылося за тыя суткі, як была згублена картка? Учора Валянцін пры ўездзе ў вёску, дзе стаялі смеццевыя бачкі, сядзеў, адпачываў. А як выслізнула тая картка, мужчына нават не заўважыў…
У аддзеле праясніліся ўсе падрабязнасці. Сёння жыхарка Замошанаў Вольга П. панесла смецце да бачкоў і знайшла картку. На ёй быў пазначаны ўладальнік, але ў іх вёсцы людзі з такім прозвішчам не пражывалі. Жанчына задумалася, каму ж аддаць.
А тут насустрач ідзе сусед Мікалай П. Да яго і звярнулася Вольга: “Як дазнацца, чыя картка, ці ёсць на ёй грошы? Можа, чалавек проста выкінуў пустую?” Мікалай ведаў, як праверыць: пэўную суму можна зняць у краме, не ведаючы кода. І з карткай патупаў у Федзькавічы ў прадуктовы магазін, дзе ўзяў пляшку віна. Распілі з Вольгай, з усмешкай згадваючы таго, хто згубіў гэткую каштоўную рэч.
Калі першая была дапіта, задаволены Мікалай зноў пашыбаваў у магазін. Толькі вярнуўся з пляшкай, як сустрэў Вользінага мужа Васіля П., а з ім яшчэ двух мужыкоў. Хутка сабралася добрая кампанія, бо хто ж ад дарэмнай выпіўкі адмовіцца?! Выпілі: зноў мала!
Тады Мікалай уручае Васілю картку і пасылае па чарговую пляшку. Той ведаў, дзе ўжо двойчы “засвяціўся” Мікалай, і пайшоў у магазін, размешчаны паблізу аўтазаправачнай станцыі, што ля Федзькавічаў. Вярнуўшыся з чарговай порцыяй спіртнога, Васіль карткі Мікалаю не аддаў, а яшчэ раз выкарыстаў яе — наведаўся ў кафетэрый у тых жа Федзькавічах.
Мабыць, не так скора раскрылася б тайна той карткі, калі б п’яны Васіль не вырашыў пазваніць у міліцыю. Супрацоўнік у форме, прыехаўшы на месца, пачуў аповед, як чужая картка трапіла ў іх рукі. Хоць і не адразу, але Васілю ўсё-такі давялося развітацца з ёю…
Пазней у райаддзеле ўнутраных спраў Валянцін Б. напісаў заяву, каб пакаралі тых, хто зняў з яго карткі звыш 70 рублёў. На лаву падсудных селі Мікалай П. і Васіль П. Яны праходзілі па частцы 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Мікалай быў аштрафаваны на трыццаць базавых велічынь, альбо на 810 рублёў, а Васілю суд назначыў пакаранне ў выглядзе арышту на адзін месяц.
Такім чынам, бачым, што згубленая вамі банкаўская картка можа для тых, хто любіць выпіць, ператварыцца ў “вінную”, і яны будуць цадзіць з яе, пакуль застаюцца грошы. Беражыце карткі!
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
