Зіма для агранамічнай галіны — час, калі можна нарэшце крыху адпачыць ад напружаных палявых работ, а таксама падрыхтаваць тэхніку да наступнага сезона. Напрыканцы лютага ў сельгасарганізацыях Жабінкаўшчыны звычайна праходзіць дзяржтэхагляд.
— Сёлета аднымі з першых у раёне адрапартавалі аб завяршэнні падрыхтоўкі тэхнікі і гатоўнасці прайсці тэхагляд у ААТ “Вазнясенскі”, — кажа галоўны дзяржаўны інспектар інспекцыі дзяржтэхнагляду Мікалай Клімавец. — Прычым, заявілі на дзень раней за адведзены тэрмін. Разам з супрацоўнікам ДАІ мы ўпэўніліся, што ўсе трактары сапраўды гатовыя да выхаду ў поле і стопрацэнтна атрымалі патрабуемы дазвол. Такога ў маёй практыцы не сустракалася.
— Да дзяржтэхагляду мы старанна рыхтаваліся, — падхоплівае галоўны інжынер гаспадаркі Андрэй Галавейка. — Пачалі рамантаваць тэхніку адразу пасля ўборкі ўраджаю. Прыдбалі загадзя неабходныя запчасткі, каб механізатары маглі самі адрэгуляваць вузлы і замяніць запчасткі на сваіх “жалезных конях”. У памяшканнях мехмайстэрняў цёпла, бо абаграюцца катлом — гэта таксама немалаважна для работы, улічваючы марозныя студзень і люты. Працавалі дружна і спорна, таму ўклаліся ў адведзеныя тэрміны. Зроблена нямала. Так, у двух “Кіраўцах” перабралі ўсе вузлы і дэталі, пачынаючы ад рухавікоў, каробак перадач і заканчваючы падвескай. Адзін з іх задзейнічаем на падрыхтоўцы глебы, другі ўжо зараз гатовы да трамбоўкі травяных кармоў. Паладжаны абодва “Джон Дзіры”. У ідэальным стане самаходныя апырсквальнікі, машыны для ўнясення арганікі і тукаў, іншая тэхніка. І вельмі прыемна было атрымаць допуск усіх трактароў да палявых работ — а іх ажно 25 адзінак!
Тэхагляд сельгасмашын ак-тыўна праходзіць у гэтыя дні ў ААТ “Хмелева”, “Арэпічы”, “Мацеевічы”, “Рагазнянскі”. Мяркуецца, што да пачатку вясны ўся тэхніка будзе гатова да выхаду ў поле.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара


Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
