27 студзеня — Дзень памяці ахвяр халакосту

Слова “халакост” перакладаецца як “усеагульнае спаленне”. У гэтым ахвярным агні, распаленым нацыстамі, згарэлі каля шасці мільёнаў чалавек. Трагедыі яўрэйскага народа ў часы Другой сусветнай вайны прысвечаны многія тысячы навуковых даследаванняў і мастацкіх твораў. Аднак ніякімі словамі нельга перадаць увесь жах, што тварыўся падчас Халакосту па ўсёй Еўропе. На жаль, у гэтай трагедыі існуе і жабінкаўская крывавая старонка.
Яны пачалі масава сяліцца ў Жабінцы пасля ўзнікнення чыгуначнай станцыі. Існаваў цэлы завулак (сённяшняя вуліца Камуністычная), дзе яўрэйскія рамеснікі і гандляры будавалі свае хаціны. Да вайны больш за палову насельніцтва мястэчка складалі іўдзеі, пасля вызвалення ў жывых засталіся адзінкі.
Знішчэнне пачалося літаральна з першых дзён акупацыі. Ужо 23 чэрвеня 1941 года, калі Жабінку захапілі немцы, на скрыжаванні сённяшніх вуліц Чырвонаармейскай і Тупік пад гусеніцамі танка загінула драўляная сінагога. Быў забіты і апошні жабінкаўскі рабін Абрам-Ісак Гершуновіч.
Праз месяц-другі яўрэйскі завулак быў абнесены дротам, за якім утварылася гета. Яго жыхарам дазвалялася выходзіць за перыметр толькі на працу, на вечар гета замыкалася, пакідаць яго забаранялася пад пагрозай смерці. Пэўны час іўдзеі ратавалі сябе, прыносячы ва ўправу грошы і каштоўнасці. Аднак гэта іх не выратавала. Набліжалася восень 1942 года. Гэты час вядомы пісьменнік, аўтар кнігі “Брэсцкая крэпасць” Сяргей Смірноў аднойчы трапна назваў перыядам, калі “ўжо самое слова “Жабінка” выклікала жах”.
Гэты выраз мае глыбокі сэнс, бо на працягу верасня і кастрычніка таго страшнага года ў мястэчку і наваколлях амаль штодня чуліся расстрэльныя каманды. Трагедыі адбываліся не толькі ў Жабінцы, але і ў Буснях, Жыціні, Сцяброве, Хадасах, Пятровічах. Найбольш масавы расстрэл ладзіўся ў Жабінцы 27 верасня 1942 года, калі карнікі закатавалі некалькі соцень мірных жыхароў. Асобна знішчалі насельнікаў гета, якое ў гэты час канчаткова спыніла існаванне. Тых, каго не забілі ў райцэнтры, адвезлі на расстрэл на Бронную Гару, іншыя ў пакутах загінулі паблізу Высокага і Маларыты.
У Жабінцы расстрэльвалі і жонак, дзяцей чырвоных камандзіраў (так званых “усходнікаў”). Сярод іх таксама нямала было прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальсці. Вядомы трагічны лёс сям’і абаронцы Брэсцкай крэпасці падпалкоўніка Івана Чубука. Яго жонка, ленінградская настаўніца Соф’я (Сара) Чубук, малыя сын і дачка былі расстраляны ва ўрочышчы Непакойчыцы паблізу Жабінкі. Пасля вайны муж і бацька ў памяць пра родных паставіў абеліск на вуліцы Міру. Цяпер тут, паблізу былых гарадскіх могілак, сапраўдны мемарыял, які аб’ядноўвае дзесяць помнікаў, прысвечаных ахвярам вайны, але пачаткам пахаванняў стала менавіта магіла Чубукоў, узведзеная ў 1949 годзе. Адна з апошніх памятак пра ліхалецце, якая ўзнікла на гэтым месцы, — вялізны камень у памяць пра знішчанае жабінкаўскае гета.
Сярод тых нямногіх яўрэяў, каму пашчасціла ўратавацца, — пісьменнік Раман Левін. Восенню сорак другога ў Пятровічах карнікі забілі яго маці Серафіму. Праз трыццаць гадоў сын паклапаціўся, каб на тым месцы паўстаў абеліск. Яўрэйскага хлопчыка, які цудам пазбегнуў расстрэлу, уратавала жыхарка Жабінкі Флорыя Будзішэўская. Імя Флорыі Пятроўны шырока вядома не толькі ў Жабінцы. Сваёй выратавальніцы і пакутніцы, закатаванай фашыстамі за два дні да вызвалення, Раман Аляксандравіч прысвяціў асобную кнігу, якую назваў “У Вас добрае сэрца, мадам”. За свой гераічны ўчынак жанчына пасмяротна абвешчана “Праведнікам народаў свету”. Гэтае ганаровае званне надаецца Ізраільскім інстытутам Катастрофы і Гераізму прадстаўнікам іншых нацыянальнасцей — тым, хто, рызыкуючы ўласным жыццём, ратаваў яўрэяў у часы акупацыі.
Даводзілася не-калькі разоў сустракацца з Раманам Левіным. Штогод да дня пачатку вайны ён прыязджаў у Пятровічы, каб схіліць галаву над матулінай магілай, успомніць тых, хто згарэў у агні “ўсеагульнага спалення”. Бываў пісьменнік не раз і ў Жабінцы, паказваў былую хату пані Флорыі, сваёй другой маці, якая ратавала яго на гарышчы ад бяды і за тое сама стала ахвярай.
Наведвалі наш горад таксама нашчадкі іншых жыхароў даваеннай Жабінкі — Рымбергаў, Пермутаў, Пінчукоў… Што іх прымушала праз дзесяцігоддзі адольваць тысячы вёрст, якія аддзяляюць Жабінку ад расійскай сталіцы, Ізраіля, Канады ці ЗША? Мабыць, памяць ды ўсведамленне таго, што “кроў не вадзіца”?
Калі расказваеш гасцям пра ваенныя падзеі і Халакост, бачыш засмучаныя твары, а часам нават слёзы ў тых, хто нарадзіўся ўжо пасля ліхалецця. Помню кароткі дыялог паміж сынам і ўнукам аднаго з тых, каго “зачапіла”, але, на шчасце, не забіла вайна. Пад’язджалі да Жыціня, дзе загінулі дзясяткі людзей, і малодшы спытаў:
— А як правільна называць: Жыцін ці Жыцінь? У інтэрнэце па-рознаму пішуць.
На тое старэйшы скрушна адказаў:
— Якая розніца? Галоўнае, што назва вёскі паходзіць ад слова “жыць”, а ў ёй так шмат людзей памерла заўчасна…
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: памяць пра трагедыю захоўвае Раман ЛЕВІН, які нярэдка наведваў помнік ахвяр фашызму ў Пятровічах.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.