“Я гэты горад знаю ад калыскі”

“Я гэты горад знаю ад калыскі”

 

У Жабінцы жыве нямала тых, хто некалі прыехаў і застаўся тут, каб прыносіць карысць раённаму цэнтру. А ёсць і тыя, хто ведае Жабінку літаральна з калыскі і давярае народнай мудрасці “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Да ліку апошніх адносіцца наша сённяшняя гераіня – галоўны спецыяліст сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу “Беларусбанка” Іна Дубіна.

Равесніца горада

Калі амаль паўвека таму яна з’явілася на свет, было свята. Не, не толькі ў таты і мамы, але ў кожнай сям’і: на календары чырванеў надпіс “8 Сакавіка”. У самым канцы 1970 года Жабінка змяніла статус, таму дзяўчынка стала адной з першых, у каго ў пасведчанні аб нараджэнні замест гарадскога пасёлка значыўся горад Жабінка.

Равесніца Жабінкі-горада дасюль згадвае, як яны, дзяўчынка і паселішча, раслі разам:

– Вучылася ў першай гарадской. Памятаю, як усім класам пасля ўрокаў, на групе падоўжанага дня, вясёлым гуртом праз пустку ішлі на Мухавец або ў Здзітаўскі лес. Горад мне здаваўся зусім маленькім, а цяпер заблукаць можна – столькі новых вуліц з’явілася, нават назвы кожнай не ведаю. Зараз родныя мясціны і не пазнаць: усё забудавана, прыгожа, чыста, дамы растуць, як грыбы.

А тады, у мінулым стагоддзі, разам з горадам не спынялася ў росце і сама Іна. У прафесіі вызначылася яшчэ дзяўчынай, таму пасля школы закончыла з адзнакай групу банкіраў у Брэсцкім вучылішчы сувязі, а следам – і ўлікова-крэдытны тэхнікум у Пінску.

Надзейна, як у банку

У тэхнікуме Іна Валянцінаўна вучылася без адрыву ад працы, пазней завочна скончыла Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт, атрымаўшы дыплом эканаміста. Гэткім чынам, у навуках яна прайшла ўсе тры ступені, што дазволіла стаць выдатна падрыхтаваным спецыялістам.

У кожнага з нас у біяграфіі ёсць вузлавыя даты-моманты. Для нашай гераіні адной з іх стала 17 ліпеня 1989 года, калі зусім маладой дзяўчынай яна ўладкавалася касірам-кантралёрам у Жабінцы ў ашчадную касу № 6445 (цяперашні ЦБП № 109 “Беларусбанка”). З той пары і па сённяшні дзень Іна Дубіна не мяняла месца працы. Чаргаваліся толькі пасады, а разам з імі расла адказнасць, якая ніколі не палохала жанчыну: яна выдатна ведае сваю справу. Зараз суразмоўніца працуе ў сектары рознічнага і карпаратыўнага бізнесу. Таму мае непасрэдныя зносіны з людзьмі, якія жадаюць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. І робіць гэта, так бы мовіць, надзейна, як у банку.

– Першае масавае крэдытаванне распачалося з прэзідэнцкіх указаў, выдадзеных у 1996 і 1997 гадах. Жабінкаўцы змаглі ацаніць важнасць дзяржаўнай дапамогі, калі пакрысе пачалі знікаць доўгія чэргі на жыллё. Прыемна, што банкаўскія работнікі дапамагалі здзяйсняцца марам землякоў, – заўважае Іна Валянцінаўна. – Зараз дзейнічае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 13 ад 6 студзеня 2012 года “Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў”. Яшчэ адзін важны Указ № 240, што дзейнічае вось ужо тры гады, дазваляючы выдаваць субсідыі, з дапамогай якіх дзяржава падтрымлівае шматдзетныя і маладыя сем’і, крэдытуе тых, хто жадае пабудавацца ў населеных пунктах, падобных на Жабінку, ды іншых. Такім чынам, цяпер дзейнічае больш за дзве тысячы льготных крэдытаў, яшчэ 320 выдадзены людзям за кошт рэсурсаў самога банка.

Нельга вымераць грашыма

Іна Дубіна бясконца любіць сваю малую радзіму, яна не хавае захаплення родным горадам:

– Якім прыгожым стаў наш парк! Нярэдка з чатырохгадовай унучкай Эміліяй там гуляем. Вельмі прыемна, што яе жыццё ад самых пачаткаў працякае ў такім утульным месцы, як наша Жабінка. Асабліва падабаецца, што на гарадскіх вуліцах шмат кветак. Цудоўна разумею, што ўся гэта прыгажосць, чысціня і ўтульнасць каштуюць вялікіх грашовых укладанняў (гэта я вам адказна, як эканаміст, кажу), а таму надзвычай прыемна, што райвыканкам, раённы Савет дэпутатаў, іншыя службы, адказныя за парадак на зямлі, клапоцяцца, каб гэтая прыгажосць пасялілася ў нашым горадзе надоўга.

Жанчына крыху спынілася, а затым разважліва дадала:

– Чула, што ў планах Жабінка будзе імкліва развівацца. На маю думку, яшчэ больш увагі патрэбна ўдзяляць моладзі. Бо кожны новы аб’ект, узведзены для маладых, абавязкова акупіцца. І не толькі фінансава, але і любоўю да роднага краю. Гэтае пачуццё цяжка вымераць грашовымі знакамі, але пераацаніць яго важнасць проста немагчыма.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top