Надвор’е спрыяе і прыспешвае

Надвор’е спрыяе і прыспешвае

Зараз, у разгар жніва, надвор’е спрыяе хлебаробам: можна выходзіць у поле, як толькі раса спадзе. Сухое збожжа лёгка вымалочваецца з каласкоў, яго не трэба дасушваць — ужо эканомія рэсурсаў.

— Нашым камбайнерам два разы паўтараць не трэба, — кажа аграном ААТ “Мацеевічы” Аксана Бяльчук. — Абазначаем фронт работы “на сёння” — і, як гаворыцца, наперад! Намагаемся на адно поле ставіць адразу некалькі экіпажаў, каб не крыўдавалі, што аднаму трапіць больш ураджайны ўчастак, а іншаму — менш урадлівы. Сёння нашы рупліўцы аператыўна дажалі паблізу Кардоў і пасля абеду пачалі абмалочваць 60-гектарны клін каля Сяхновічаў.

А збажына ад лёгкага ветрыку гайдаецца, шапаціць калоссем. Жніўнае поле, нібыта дзякуе камбайнерам, што нарэшце збяруць тут важкі ўраджай: стаміліся каласкі ў чаканні тэхнікі, вось-вось зярняты высыпацца на зямлю пачнуць.

Камбайны спрытна, нібы краўцы, наразаюць адзін за адным доўгія, ажно да лесу на ўзгорку, лапікі-пракосы. Пыл ад тэхнікі ідзе слупам — салома і зярняткі даўно сухія. Буслы, якіх у “Мацеевічах” з пяшчотай называюць “аграномчыкі”, з паважным выглядам крочаць следам, смела сноўдаюць побач з жаткай у пошуках абеду — мышкі ці жабкі-разявы.

— Сёлета ніва на ўраджай больш шчодрая, чым летась, — падхоплівае размову аграном Ганна Васільчук. — Так, азімы ячмень даў звыш 53 цэнтнераў на круг, азімае жыта таксама ўрадзіла няблага — больш за 50 цэнтнераў з кожнага гектара. У цэлым аддача палёў вышэйшая, чым у мінулым годзе, і складае 43,6 ц/га. Гэта не можа не радаваць. Штодня нашы працаўнікі апрацоўваюць па 60-70 гектараў. З агульнай плошчы ў паўтары тысячы га ўбрана ўжо 38 працэнтаў. Завяршым малаціць рапс — і тады ўсе нашы камбайны дружна возьмуцца абжынаць зерневыя. Калі такое гарачае надвор’е патрымаецца, давядзецца паспяшацца — колас амаль усюды даспеў.

Святлана КІСЛАЯ

Фота аўтара

На здымку: браты-камбайнеры Аляксандр і Міхаіл Ярмашукі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro