ГЭТА МОЙ ГОРАД!

Хочацца, каб гэта ўсведамляў кожны, каго лёс звязаў з Жабінкай. Калісь, задоўга да нашай эры, старажытны гісторык Плутарх сказаў: “Я жыву ў маленькім гарадку, але ніколі з яго не з’еду. Бо калі я пакіну мой гарадок, ён стане яшчэ меншым”. Мне давялося бачыць маленькую Жабінку, штодня на маіх вачах яна становіцца вялікай. Мы раслі разам. Аднак яна за 200 год “памаладзела”, я ж за паўвека, на жаль, гэтым пахваліцца не магу. Сёння пагаворым пра перспектывы — пра Жабінку ХХІ стагоддзя.
На сцяне ў кабінеце Сяргея Леванюка — намесніка старшыні райвыканкама, які курыруе будаўнічую сферу, адразу кідаецца ў вочы вялікая карта горада. Зірнуўшы на яе, міжволі пачаў шукаць тую кропку, скуль пачыналася Жабінка 200 гадоў таму. Не, усё ж бессэнсоўна варажыць на картах — лепей паслухаць, што ёсць і якія перамены чакаюцца.

У звязцы з Брэстам

Маркерам на стужцы часу для Жабінкі стала 7 мая 2014 года, калі яна займела статус горада-спадарожніка Брэста. Гэта падштурхнула РУП “Белндіпгорадабудаўніцтва” распрацаваць генплан развіцця нашага горада да 2025 года, зацверджаны прэзідэнцкім указам у самым пачатку 2016-га.
— План, які ўжо ажыццяўляецца, прадугледжвае стварэнне належнага асяродка для жыццядзейнасці жабінкаўцаў і прыцягальных умоў для жыхароў Брэста, — заўважае Сяргей Леанідавіч. — Існуе неабходнасць рацыянальнага рассялення, збалансаванага і сацыяльнага развіцця, улічваючы, што мы — спадарожнік горада над Бугам. Не менш важна стварыць інжынерныя і транспартныя структуры, удасканаліць узаемасувязі з наваколлямі і абласным цэнтрам, клапаціцца пра ахову навакольнага асяроддзя. Генеральны план таксама вызначае першачарговыя горадабудаўнічыя накірункі. Сярод іх — узвядзенне жылля і развіццё сістэмы абслугоўвання, фарміраванне ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый.

Ушыркі і ўвысь

Усё гэта патрабуе вываду з карыстання сельскагаспадарчых земляў і ўключэння іх у межы Жабінкі. Гэткім чынам восенню 2017 года сталі гараджанамі жыхары Здзітава, Курпічаў, Сцяброва, Шчэглікаў, а таксама ў гарадскіх рысах апынуліся дадаткова амаль 703 гектары зямлі. Да слова, рашэннем аблсавета 22 верасня 2017 года да Жабінкі далучыліся не толькі тэрыторыі з іх насельніцтвам, але і шматвекавая гісторыя. Адным росчыркам пяра Жабінка “састарылася” на 300 гадоў (!), і цяпер ёсць падставы (пасля далучэння старажытнага Здзітава) у 2022 годзе адзначыць 520-я ўгодкі Жабінкі.
Аднак, вернемся зноў у сучаснасць і зірнем на тое, як развіваецца жыллёва-будаўнічая галіна.
— Пад індывідуальную забудову прадугледжаны тэрыторыі паблізу колішніх Шчэглікаў па абодва бакі трасы Камянец—Федзькавічы, — гаворыць намеснік старшыні райвыканкама. — Шматкватэрныя дамы будуюцца ў чатырох кварталах: у межах вуліц Зарэчнай, Міру, Цэнтральнай і Каштанавай; Кобрынскай, Здзітаўскай, Скарыны і Міру; Шасэйнай, Камянецкай і Гандлёвай; Камсамольскай і Калгаснай. Па выніках 2016-2019 гадоў у горадзе-спадарожніку ўведзены ў эксплуатацыю 34 тысячы метраў квадратных жылля. У тым ліку пабудаваны пяць 40-кватэрных, адзін 60-кватэрны і 91 прыватны дом. Агульны ўвод у эксплуатацыю жытла за пяцігодку на канец 2020-га складзе 46 тысяч «квадратаў».
Дадамо таксама, што за гэты час у Жабінцы пабудавана для жыхароў Брэста крыху больш за дзве тысячы метраў квадратных жылля, што значна менш тых 80 тысяч “квадратаў”, якія прадугледжваліся паводле генплана. Асноўная прычына на паверхні: штогод у горадзе над Бугам вядзецца будаўніцтва не менш за 200 тысяч метраў квадратных, што цалкам перакрывае патрэбы брастаўчан.

“Сацыялка” не забытая

— Разам з развіццём жыллёвага будаўніцтва, — падкрэслівае Сяргей Леанідавіч, — генеральны план прадугледжвае ўзвядзенне аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры і сферы абслугоўвання.
Ужо праведзены першая чарга мадэрнізацыі “Бадзёрасці”, рэканструкцыя харчаблока ў трэцяй гарадской школе, цеплавая рэабілітацыя фасадаў і рамонт даху ясляў-сада № 5, першая чарга капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй у чацвёртым садзіку, рэканструкцыя інфекцыйнага корпуса пад аддзяленне псіхасаматычных расстройстваў у райбальніцы, капітальнае абнаўленне спартыўнай залы і рамонт з мадэрнізацыяй харчаблока першай гарадской школы. Да таго ж сёлета да пачатку навучальнага года плануецца правесці рэканструкцыю харчаблока і ў СШ № 2.

А што з “інтэр’ерамі”?

Апошнім часам Жабінка ўяўляе суцэльную будаўнічую пляцоўку, радуючы вока сваім абнаўленнем.
Пацікавіўся, як будуць разві-вацца ландшафтна-рэкрэацыйныя тэрыторыі — своеасаблівыя “інтэр’еры”-начынне горада-спадарожніка.
Яны ахопліваюць плошчу ў 631,8 га. Найперш плануецца працяг грамадскай паркавай зоны паблізу вуліцы Кірава ўздоўж ракі Жабінка, што складаецца з 12 чэргаў. Летась рэканструявана першая чарга парку — мемарыяльная зона, дзе сёлета адкрыты абноўлены помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Выраблена дакументацыя і наступнай, духоўнай зоны. У перспектыве яшчэ дзве: трэцяя чарга (цэнтральная зона) і чацвёртая (экалагічная).
Будзе развівацца спартыўная і гульнёвая інфраструктура. Маленькіх жабінкаўцаў ды іх бацькоў ужо радуюць гульнёвыя пляцоўкі ў гарадскім парку і мікрараёне цукровага завода. Ёсць пачатак — будзе і працяг.
Асаблівым клопатам ахоплена гістарычная і культурная спадчына Жабінкі, у тым ліку храм Пакроваў Прасвятой Багародзіцы на вуліцы Камсамольскай, пахаванні Соф’і Чубук, Аляксея Дзмітрука, шматлікіх ахвяр фашызму на вуліцы Міру, магілы савецкіх воінаў і партызан на Кірава. Дзеля забеспячэння іх аховы і эфектыўнага выкарыстання неабходна распрацаваць праекты ахоўных зон для кожнага з аб’ектаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.