Аграном ад Бога

Аграном ад Бога

Калі ў гаспадарку прыходзяць маладыя спецыялісты і горача расказваюць, як трэба сеяць, апрацоўваць расліны, убіраць вырашчаны ўраджай, начальнік аддзялення ААТ “Жабінкаўскі” Міхаіл Чабоцька з усмешкай пацірае вусы. Не, ён не бярэцца перавучваць юнакоў і дзяўчат, бо сам сее і ўбірае ўдвая больш, чым тая моладзь жыве на свеце. Проста ўзгадвае час, калі сам вырашыў звязаць сваё жыццё з зямлёй, вырошчваць хлеб.
Родная вёска Круцілавічы Дзят-лаўскага раёна і дагэтуль славіцца сваімі рупліўцамі… Міхась гадкоў з дванаццаці ўжо быў галоўным памочнікам у сям’і. Разам з дзедам шпарка махаў касою не горш за дарослых. Калі зграбалі сена, віламі падаваў копы на калёсы. Бульбу акучваюць — хлопец тут як тут: і каня за лейцы паводзіць, і за плуг возьмецца. А як прыемна было праехацца верхам на калгасным грывастым рупліўцы, каб паставіць яго ў стойла! Хапала Міхасю ў жніво і працы на таку: як снапы малацілі, падаваў іх у малацілку. А вось што не любіў юны Чабоцька, дык гэта рваць лён і грэчку ды ў снапы іх ставіць. Дагэтуль грэчневая каша — самая апошняя ў спісе страў на стале… Толькі не прынята было ў сям’і работы цурацца: бацька працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады, маці — паляводам. Таму дзе бацькі, там і Міхась з сястрою.
У школу дзеці хадзілі за чатыры кіламетры ў суседняе сяло. Увесь верасень, як правіла, спяшаліся туды не з ранцамі і падручнікамі, а з вёдрамі: замест заняткаў дапамагалі мясцоваму калгасу выбіраць бульбу.
— Гэта зараз многія школьнікі не ведаюць, што такое “паехаць на бульбу” ці “на капусту”, — усміхаецца Міхаіл Станіслававіч. — А мы і працаваць паспявалі, і праграму засвойвалі не горш. Многія мае аднакласнікі вышэйшую адукацыю атрымалі.

Днём — лекцыі, вечарам — сцірка

Ах, як хацелася Міхасю стаць лётчыкам, рассякаць на самалёце неба сакавітага васільковага колеру! Часта, лежачы на духмяным сене, марыў, што падасць дакументы ў лётнае вучылішча. Ды бацька адгаварыў пасталеўшага сына: маўляў, такіх высокіх у лётчыкі не бяруць. “Ты, хлопец, не ў неба цікуй, а бліжэй да зямлі глядзі. Яна цябе галоднага не пакіне”. Аслухацца бацьку Міхась не асмеліўся.
Пасля восьмага класа павёз Міхаіл дакументы ў бліжэйшы Навагрудскі сельгастэхнікум. Праз тры з паловай гады атрымаў агранамічную спецыяльнасць. Усяго месяц папрацаваў у калгасе, як паклікала позва ў армію. Адслужыў і вырашыў далей працягваць вучобу — у Горацкай сельгасакадэміі. Там жа сустрэў свой лёс — Ніну Міхайлаўну, на трэцім курсе ажаніліся. Праз год нарадзіўся першынец Андрэйка.
— Нам, маладым бацькам-студэнтам, няпроста было: днём — лекцыі і падрыхтоўка да залікаў, вечарам — сцірка пялюшак і паўзункоў, — узгадвае Міхаіл Станіслававіч. — Сына як пераходны сцяг перадавалі па ўсім інтэрнаце (з жонкай вырашылі, што не будзем браць “акадэмку” на апошнім курсе). І нічога, справіліся, на экзамены па чарзе хадзілі. Я і Ніна чырвоныя дыпломы атрымалі, ну, а Андрэйка наш, як жартавалі, акадэмію скончыў завочна яшчэ ў яслях.
Маладым выпускнікам прапаноўвалі працаваць у Гродне, у абласным упраўленні.

Але яны адмовіліся, не пагадзі-ліся вучыцца і ў аспірантуры. Хацелася работы не з паперамі, а сапраўднай, на зямлі. Гэтае жаданне спраўдзілася на Жабін-каўшчыне. У калгасе “Прамень” (сённяшні ААТ “Жабінкаўскі”) патрабаваліся рабочыя людзі, знайшлося і месца ў дзіцячым садзе для сына.
— Як зараз памятаю, — расказвае Міхаіл Чабоцька, — прывёз жонку і сына ў калгас. На двары — 1977 год. Нас у старэнькую хатку завялі, маўлялі, вось вам жыллё. А ў ім нічога няма: ні табурэткі, каб прысесці, ні ложка, каб прылегчы, печка — і тая паўразбураная чадзіць. Жонка толькі ў далоні пляснула ды на чамадан малога пасадзіла. Вось табе і трапілі ў калгас! Ну, думаю, зараз сварка будзе. Аднак Ніна, як сапраўдная жонка дзекабрыста, моўчкі сцярпела ўсе няўдобіцы сямейнага жыцця на новым месцы. Пакрысе набылі мэблю, посуд, вопратку. А як свае пакоі ў чатырохкватэрным доме атрымалі, то і ўвогуле жыццё зайграла іншымі фарбамі! Калі галоўным аграномам паставілі, нібыта расправіў крылы — ніякага самалёта не трэба! Малады, ёсць жыццёвы запал, любімая жонка, падрастаюць сыны Андрэй і Дзіма, рабоце аддаю душу і сэрца. Што яшчэ для шчасця трэба?! Калгас “грымеў” ураджаямі: першае ці другое месцы бралі па вырошчванні збожжа (40-45 цэнтнераў на круг), бульбы збіралі па 300-400 цэнтнераў з кожнага гектара, буракоў — пад 460. Машынна-трактарны парк налічваў 43 трактары. Вясна — сеем, лета — кармы нарыхтоўваем, восень — збіраем ураджай, толькі зімою “перакур” у гэтай цыклічнай кругаверці спраў. Мяняюцца сезоны, надвор’е, людзі, тэхніка, падыходы да апрацоўкі зямлі і вырошчвання раслін. Бадай, адзінае, што не мяняецца, — адносіны зямлі да працаўнікоў: не любіць наша карміцелька неабдуманых эксперыментаў, неахайнасці да сябе. Усё павінна быць зроблена своечасова: узарана, запраўлена арганікай і тукамі, апрацавана гербіцыдамі і фунгіцыдамі, пасеяна. На жаль, не заўжды гэта робіцца ў тэрміны.

Сумна без справы

Ішоў 1995 год. Гаспадарка, якая дасягала выдатных вынікаў у раслінаводстве, перажывала няпростыя часы. Многія кінуліся ў пошуках лепшай долі. Міхаіл Чабоцька таксама, каб забяспечваць сям’ю, падаўся ў суседні раён: 18 гадоў быў намеснікам па вытворчасці ў ААТ “Літвінава”. А як на заслужаны адпачынак пайшоў, зразумеў: без справы сядзець у хаце сумна. Таму вярнуўся ў гаспадарку, якая некалі дала яму месца працы і расправіла крылы. Вядома, многае тут змянілася: працуе шмат маладых, неабыякавых людзей, абнаўляецца тэхніка і тэхналогіі. Як кажа Міхаіл Чабоцька, працаваць зараз лягчэй і цікавей. Адзінае турбуе: капрызы надвор’я. Дажджы і цяпло не песцяць Жабінкаўшчыну.
— Душа баліць за ўсё пасеянае, — гаворыць Міхаіл Станіслававіч. — Не натоляць смагу расліны — не пойдуць у рост. Летась ураджаі неблагія сабралі — зерневых, кармоў, буракоў, кукурузы. Хочацца, каб і сёлета было не горш. Наша агранамічная служба робіць усё магчымае для атрымання высокіх паказчыкаў. Май сіноптыкі абяцалі халодны, з замаразкамі. Можа, хоць чэрвень сагрэе.
А дома песціць душэўным цяплом пасля доўгага працоўнага дня клапатлівая жонка Ніна Міхайлаўна. Сыны ўжо дарослыя, маюць свае сем’і. Частыя госці ў хаце Чабоцькаў унукі Вераніка і Максімка. Яны распытваюць у бабулі з дзядулем пра іх дзяцінства і маладосць, разглядваюць стос грамат і дыпломаў. А навіну пра занясенне імя Міхаіла Станіслававіча на Галерэю працоўнай славы раёна ўспрынялі з радасцю і гонарам. Хто ведае, мо 12-гадовы Максімка, калі вырасце, працягне працоўную дынастыю? Бо сеяць хлеб — самая патрэбная і неўміручая прафесія на зямлі.
Святлана КІСЛАЯ
Фота Святланы КІСЛАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top