“Не пакідайце дзяцей адных!”

Пад такой назвай на Жабінкаўшчыне стартавала рэспубліканская акцыя МНС. Яе асноўная мэта — нагадаць бацькам пра тое, што менавіта яны адказваюць за бяспеку дзяцей і павінны навучыць іх, як дзейнічаць у выпадку надзвычайнай сітуацыі. Падчас ініцыятывы выкарыстоўваюцца розныя формы работы з насельніцтвам. Так, у інтэрнэце размяшчаецца забаўляльны і прафілактычны кантэнт, які цікава распавядае дзецям і бацькам аб правілах бяспекі. Па тэлефоне арганізавана камунікацыя супрацоўнікаў з маладымі мамамі, шматдзетнымі сем’ямі “На сувязі — выратавальнік”. А яшчэ праводзіцца распаўсюджванне наглядна-выяўленчых матэрыялаў і запушчаны цікавы інтэрнэт-конкурс “Мы б у выратавальнікі пайшлі”. Акцыя прадоўжыцца да 1 чэрвеня.

Шум на Жабінкаўшчыне

На мінулым тыдні Жабінкаўшчыну наведаў старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Шум. Пасля сустрэчы з кіраўніцтвам раёна Мікалай Мікалаевіч пабываў у ААТ “Азяты АГРА”, дзе сустрэўся з дырэктарам Сяргеем Шыкам. Размова ішла пра эканамічны стан і далейшае развіццё гаспадаркі, умовы працы і побыту работнікаў, узровень іх заробку. Асобна кіраўніка прафесійных саюзаў вобласці цікавіла дзейнасць сельгаставарыства ў сучасных эпідэміялагічных умовах.

Спажыўны эксперымент

ААТ “Жабінкаўскі” ў панядзелак распачаў “зялёнае жніво”. Так, ля вёскі Сцяброва два кормаўборачныя камбайны ва ўмелых руках механізатараў Уладзіміра Гурына і Юрыя Ахрымука пачалі ўбіраць зялёную масу. Ураджайнасць неблагая: з кожнага гектара атрымліваецца па 180-190 цэнтнераў сакавітага корму, які закладваецца ў сянажную траншэю ля фермы “Курпічы”.
Дарэчы, летась агранамічная служба вырашыла правесці эксперымент: пасеялі разам азімыя віку і жыта, каб вясной убраць на корм. Спроба аказалася ўдалай, нягледзячы на капрызы надвор’я, і спажыўнай.
Убранай з 78 гектараў масы хапіла, каб закласці адну сянажную траншэю ўмяшчальнасцю да тысячы тон. Далей будуць нарыхтоўваць кармы з шматгадовых траў.

Майскія снягі

12 мая як сенсацыю СМІ і інтэрнэт паведамілі незвычайную навіну: на поўначы Беларусі выпаў снег. Адразу пайшлі размовы, нібыта такога ніколі не бывала. Аднак гісторыя сведчыць пра іншае: травеньскія снягі надараліся і раней, нават на поўдні Беларусі. Так, старадаўні “Летапіс Азяцкай Свята-Мікалаеўскай царквы” пад 1876 годам сведчыў, што снег выпаў у Азятах 19 мая, а маразы “зусім пабілі квецень на пладовых дрэвах, вясна ўвогуле была сцюдзёная, з частымі бурамі”.

У каго крэатыўны касцюм ці тэхніка?

Брэсцкае ўпраўленне МНС, абласная арганізацыя ГА “БРСМ”, а таксама добраахвотнае пажарнае таварыства аб’явілі інтэрнэт-конкурс “Мы б у выратавальнікі пайшлі”. У ім могуць прыняць удзел хлопчыкі і дзяўчынкі ад 2 да 11 гадоў.
У намінацыі “Дзіцячы касцюм выратавальнікаў” трэба прадставіць баявое адзенне, ці форму агняборца будучыні, ці іншае, выкананыя любым спосабам з розных матэрыялаў. У відэа неабходна прэзентаваць касцюм. Ён павінен мець не менш за два элементы.
Вялікі прастор для фантазіі і ў намінацыі “Дзіцячая тэхніка выратавальнікаў”. Можна аформіць каляску, веласіпед ці педальны аўтамабіль у тэматыцы МНС, выкарыстоўваючы любыя тэхналогіі, прыстасаванні і аксэсуары, якія не замінаюць руху транспарту. Гэтак жа падрыхтаваць відэапрэзентацыю.
Гатовыя работы з апісаннем дасылайце да 25 мая на электронную пошту propaganda.brest@mail.ru з указаннем у тэме ліста “Мы б у выратавальнікі пайшлі”. Дазволены ўдзел у дзвюх намінацыях адначасова. З 27 па 31 мая “УКантакце” ў афіцыйнай суполцы “МНС Брэсцкай вобласці” будзе праводзіцца інтэрнэт-галасаванне ў намінацыі “Прыз глядацкіх сімпатый”. Пераможцаў чакаюць дыпломы і падарункі!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top