“Лілея” як цвіла, так і ўрадзіла

“Лілея” як цвіла, так і ўрадзіла

Памятаеце, як гераіня фільма “Дзяўчаты” расказвала, якія стравы можна гатаваць з бульбы? “Бульба смажаная, адварная, пюрэ, далей бульба фры, бульба пай (гатуецца кружочкамі ў алеі), бульбяныя піражкі з мясам, грыбамі, дранікі, бульбяны рулет, запяканка, маладая бульба з кропам, шадзі…” Смаката… Толькі вось выконваючы абавязкі галоўнага агранома ААТ “Хмелева” Валянцін Казлюк з усмешкай прызнаецца, што бульбу не любіць — яму макароны падавай. Аднак у “другім хлебе” выдатна разбіраецца па доўгу службы: як-ніяк “Хмелева” — насенняводчая гаспадарка на Жабінкаўшчыне і бульбе тут — пачэснае месца.
— Пад гэтую культуру штогод адводзіцца не меней за сотню гектараў, — расказвае Валянцін Юр’евіч. — Сёлета, напрыклад, ёю занята 120 гектараў. Нашы глебы прыдатныя для бульбы, дый вопыту яе вырошчвання маем дастаткова.
Пакуль малады аграном уводзіць у курс бульбяной справы, на полі за вёскай Дзяменічы кіпіць работа. Бульбаўборачны камбайн, якім кіруе Юрый Хоміч, павольна рухаецца па барознах. Клубні, вытрасеныя з глебы, трапляюць на жалезныя пруцікі транспарцёра, а потым на прыёмны стол. Андрэй Вішнеўскі і трое Палюховічаў: Алег і два Васілі — прымасціліся ля транспарцёра і спрытна адкідваюць камяні і некандыцыйныя клубні. Літаральна праз хвілін пятнаццаць накапляльнік паўнюткі бульбы. Гучыць сігнал, і побач з камбайнам з’яўляецца грузавік. Пакуль ура-джай шчыльным патокам высыпаецца ў кузаў, сарціроўшчыкі могуць некалькі хвілін адпачыць. Для іх самае цяжкае — пыл: дажджу даўно не было, таму ён слупам стаіць. Яны надзяваюць спецыяльныя ахоўныя акуляры, а вось ад рэспіратараў адмаўляюцца: у іх працаваць і дыхаць не вельмі зручна.
— Затое бульба сухая і чыстая ідзе, — кажа адзін з Васілёў.
— Дык мы ж хлопцы да работы звыклыя, — падхоплівае другі Васіль. — Падумаеш, пыл. Калі дождж ідзе і за каўнер вада льецца — горш…
— Пакуль нам надвор’е спрыяе, — працягвае аграном. — За некалькі дзён выкапалі ўраджай на 25 гектарах. Працуем увесь светлавы дзень. Пакуль убіралі адным камбайнам, заўтра падключым яшчэ два. Людзей і тэхнікі на адвозцы хапае. Бульба ўрадзіла неблагая — лепей, чым летась. Думаю, што гароднінасховішча, разлічанае на 3400 тон, запоўнім цалкам. Дробную бульбу і некандыцыйную рэалізуем насельніцтву восенню, а вясной, як правіла, ажыятаж на насенную. З продажам вырашчанага ў нас праблем няма, з захоўваннем — таксама. Сучаснае сховішча для агародніны дазваляе падтрымліваць неабходны клімат і тэмпературу, таму да позняй вясны клубні захоўваюць таварны выгляд.
На палях ААТ “Хмелева” сёлета вырошчвалася бульба гатункаў “Лілея”, “Дзіна”, “Уладар”, “Скарб”, “Маніфест”. Яны адрозніваюцца па ўраджайнасці, колеры і смакавых якасцях, як кажуць, бульба на любы густ. Напрыклад, “Маніфест” мае ярка-ружовае адценне, “Скарб” — жоўтае. Найбольш парадавала “Лілея” — атрымалі з кожнага гектара больш за 300 цэнтнераў.
— “Лілея” і цвіла прыгожа, ярка, і ўрадзіла выдатна, — кажа аграном. — Таму і ў наступным годзе будзем яе вырошчваць. У цэлым сёлетнім ураджаем задаволены: хопіць і сабе, і на продаж.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top