Сярод рэгіёнаў у лідарах па нарыхтоўцы агародніны Брэсцкая вобласць, па нарыхтоўцы яблыкаў — Магілёўская, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Белкаапсаюза. Паводле інфармацыі на 19 жніўня, агуркоў закуплена 6,9 тыс. т (у тым ліку ў насельніцтва 5,1 тыс. т), капусты — 5,8 тыс. т (у насельніцтва 5 тыс. т), таматаў — 3,2 тыс. т (у насельніцтва — 1,7 тыс. т), яблыкаў — 10,2 тыс. т (у тым ліку ў насельніцтва — 8,8 тыс. т). Завяршыўся сезон нарыхтоўкі чарніц, нарыхтоўчыя арганізацыі Белкаапсаюза закупілі 1,4 тыс. т гэтых ягад. Закупачныя цэны на бульбу складаюць Br0,4-0,7 за 1 кг, агуркі — Br0,6-0,9, таматы — Br0,3-0,7, капусту — Br0,4-0,7. Кілаграм таварных яблыкаў можна здаць па Br0,4-1, апад — па Br0,1-0,18. Лісічкі прымаюць па Br5 за 1 кг, белыя грыбы — па Br6-10. У цэлым за 7 месяцаў арганізацыі спажыўкааперацыі закупілі сельгаспрадукцыі і сыравіны на суму Br192,5 млн (у тым ліку насельніцтву выплачана Br115,1 млн). Для зручнасці насельніцтва і максімальнага набліжэння прыёманарыхтоўчай сеткі да месцаў вытворчасці прадукцыі ў сістэме Белкаапсаюза працуюць 700 прыёманарыхтоўчых пунктаў, звыш 5 тыс. сельскіх магазінаў, 750 штатных нарыхтоўшчыкаў. Дадаткова да сезона масавых нарыхтовак плодаагародніннай і дзікарослай прадукцыі прымаюцца на работу каля 1 тыс. пазаштатных нарыхтоўшчыкаў. Кожнае райпо таксама арганізуе ад трох да дзесяці сезонных прыёманарыхтоўчых пунктаў — як стацыянарных, так і з дапамогай раз’язных нарыхтоўшчыкаў. Для атрымання інфармацыі і аператыўнага рэагавання на звароты грамадзян па пытаннях нарыхтовак арганізавана работа гарачых ліній у Белкаапсаюзе, аблспажыўсаюзах і райпо. У Белкаапсаюзе нагадалі, што ў насельніцтва ёсць магчымасць не толькі здаваць прадукцыю, але і самастойна прадаваць яе на 125 кааператыўных рынках — гэта каля 40 тыс. гандлёвых месцаў ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. Белкаапсаюз займаецца закладкай і захоўваннем сельскагаспадарчай сыравіны ў міжсезонны перыяд. Для гэтага прадугледжана 120 сховішчаў ёмістасцю 27,6 тыс. т. Штогод арганізацыі спажыўкааперацыі праводзяць закладку на міжсезонны перыяд бульбы і плодаагародніннай прадукцыі. У бягучым годзе плануецца закупіць бульбы для гэтых патрэб 34,4 тыс. т, агародніны — 48 тыс. т, пладоў і ягад — 80 тыс. т, дзікарослай прадукцыі — 3 тыс. т. «Для замарозкі і захоўвання дзікарослай прадукцыі ў сістэме спажывецкай кааперацыі ёсць 287 халадзільных камер ёмістасцю больш за 6 тыс. т. Каб забяспечыць гэтай прадукцыяй рознічны гандаль і грамадскае харчаванне, а таксама прадаваць яе на кірмашах і пастаўляць на экспарт, у Глускім і Іванаўскім райпо працуюць спецыялізаваныя лініі па глыбокай замарозцы», — дадалі ў Белкаапсаюзе.
Чытаць цалкам: https://blr.belta.by/economics/view/belkaapsajuz-u-lidarah-pa-naryhtoutsy-agarodniny-brestskaja-voblasts-jablykau-magileuskaja-80602-2019/
БелТА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%