Колькі вяровачцы не віцца

Маецца ў раёне даўжнік, які шмат завінаваціўся, нават аўтамабіль у яго ўжо арыштаваны. Пры гэтым таварыш і надалей ухіляецца ад выплат, не даводзіць праваахоўнікам, дзе канктэртна пражывае. Колькі разоў у вёску да яго не наведваліся супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання, гаспадара ніяк не “ўпалююць”. Аднак, як у народзе кажуць, колькі вяровачцы не віцца, а канец заўжды будзе. Як бы не бегаў ад адказнасці грамадзянін, вяртаць пазыкі некалі ўсё роўна давядзецца.

“Хуткі” штрафнік

Ёсць сярод даўжнікоў і сапраўдныя “героі”. Не, гэта не тыя, што маюць учынкі, якімі можна ганарыцца, а тыя, хто пазыкі копіць гадамі. Гэта адносіцца і да грамадзяніна Т., які меў вялікую схільнасць да парушэння ПДР. А на нашых дарогах, як вядома, не дрэмле вока відэакамер. Тыя фіксуюць ліхачэй, а затым на адрас парушальніка прыходзяць паведамленні: аплаціць неадкладна! Вось і Т. займеў ажно 27 штрафаў. Прычым, жыве ён у Расіі, але любіць наведвацца ў Беларусь. І кожны такі ваяж не абыходзіўся без перавышэння хуткасці. Пагэтаму судовыя выканаўцы наклалі арышт на аўтамабіль парушальніка. І калі той захацеў прадаць сваё аўто, нічога ў яго не атрымалася. Вось і быў вымушаны сплаціць усе свае пазыкі, каб машына ўсё ж засталася ў яго.

Пазыкі… на тым свеце

Часам, як кажуць, даўгі і на той свет цягнуць. У выпадку, пра які пойдзе размова, гэта не проста прыгожы літаратурны выраз — так здарылася насамрэч. Адбылася трагедыя: чалавек памёр у росквіце гадоў ад празмернага ўжывання алкаголю. А пазык на гэтым свеце пакінуў і перад дзяржавай, і перад ЖКГ шмат. Як жа іх вярнуць, калі мужчыны ўжо няма, а даўгі засталіся? Тым больш, што і блізкія родзічы адсутнічаюць: на тым свеце ўжо і матуля, і брат…

У даўгах бы ў шаўках

Тая катэгорыя асобаў, якіх называюць абавязанымі, таксама нярэдка аказваецца ў полі зроку спецыялістаў АПВ. Так, грамадзянку Л. каля трох гадоў шукала міліцыя ды іншыя службы, якія здзяйсняюць кантроль за абавязанымі асобамі. Доўгі час было цяжка ўстанавіць, дзе яна ў сапраўднасці пражывае і хто павінен яе кантраляваць. Аднак, калі стала вядома, што Л. нарадзіла чарговае (ужо чацвёртае) дзіця на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна, пытанне само сабою вырашылася: цяпер з пазыкаю на амаль астранамічную суму ў 30 тысяч рублёў, што “вісяць” на гора-маці, давядзецца разбірацца праваахоўнікам нашага раёна. Усе дзеці, у тым ліку немаўлятка, перададзены на дзяржаўнае ўтрыманне. А даўгі перад роднымі крывіначкамі растуць дзень пры дні бы снежны камяк. Калі ж жанчына возьмецца нарэшце за розум ды ўспомніць, што любіць патрэбна не толькі гарэлку, але і родных дзяцей?

Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік аддзела прымусовага выканання Жабінкаўскага раёна.

 

Popularity: 1%

Top