Абаронцы Брэсцкай крэпасці

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

Калі задаеш пытанне: “Каго вы ведаеце з абаронцаў крэпасці?” — чуеш найчасцей прозвішчы Фаміна, Кіжаватава, Гаўрылава і бачыш вялікае здзіўленне ў суразмоўцы, калі яны даведваюцца, што сярод абаронцаў былі і нашы землякі. Прычым не адзінкі: колькасць жабінкаўцаў, што змагаліся ў Цытадэлі над Бугам, вымяралася дзясяткамі.
УСЕ ЯНЫ БЫЛІ байцамі 333-га стралковага палка 6-й Арлоўскай стралковай дывізіі, размешчанай непасрэдна ў Цытадэлі. Імёны трох нават увекавечаны на плітах Мемарыялу.
Аднак сённяшні наш расказ пра лёсы землякоў, што трапілі ў палон у тыя гарачыя чэрвеньскія дні.
Ужо ў першыя гадзіны вайны быў захоплены Максім Маісеевіч МІКАЛАЮК (1915–1942) з вёскі Целякі. Ягоны шлях па пакутах завяршыўся 29 мая 1942 года ў шталагу VIII E (308), размешчаным у горадзе Нойхамар (цяперашнім Свянтошуве, Рэспубліка Польшча).
Філімон Гардзеевіч ГІЛЕЦІЧ (1910–1941) нарадзіўся ў Мышчыцах Ленінскага сельсавета. Прызваны ў Чырвоную Армію 20 мая 1941 года Жабінкаўскім РВК, баец 138-й працоўнай каманды запрасной часці 333-га стралковага палка быў паранены пры бамбёжцы крэпасці, патрапіўшы ў палон 23 чэрвеня. Памёр шараговец Гілеціч 10 снежня 1941 года ў тым самым сумнавядомым шталагу VIII E (308) “Нойхамар”, створаным немцамі для ваеннапалонных.
Філімонаў аднавясковец Іван Фёдаравіч ГЛЯБЧУК (1902–1941) прайшоў падобны пакутніцкі шлях. Ягоны лагерны нумар — 21905. Баец сканаў ад невыноснай працы 19 лістапада 1941 года ў Нойхамары, яго цела пахавальная каманда закапала на Паўднёвых могілках у Нюрнбергу.
На другі дзень вайны паланёны ў Цытадэлі і нараджэнец Малых Сяхновічаў Фёдар Рыгоравіч ДУБІНА (1911–1941), які на пераклічках у лагеры адгукаўся на нумар 21892. Фёдар не вытрымаў здзекаў і рабскай працы, памёр 20 лістапада 1941-га, пахаваны таксама ў Нюрнбергу.
Вёска Савіцк (цяпер — Залуззе) — малая радзіма Уладзіміра Іванавіч ЛЕАНЮКА (1905–1941), яшчэ аднаго байца 333-га стралковага палка. У Савіцку ён прыйшоў у свет 15 ліпеня 1905 года, адсюль майскім днём сорак першага выправіўся на вайсковыя зборы ў Брэсцкую крэпасць. Апошнім днём у жыцці паланёнага чырвонаармейца (яго лагерны № 21895), стала 1 снежня 1941 года.
Хмелевец Васіль Антонавіч ШАБАЛА (1912–1941) нарадзіўся 11 сакавіка 1912 года. Прызваны Жабінкаўскім райваенкаматам, ён стаў сапёрам 333-га сп. Паланёны 23 чэрвеня ў Брэсце, Васіль Антонавіч атрымаў лагерны № 21907, памёр у Нойхамары, пахаваны 6 снежня 1941 года ў горадзе Заган (сённяшні Жагань у Польшчы).
Павел Еўдакімавіч ЯРМАШУК (1917–1943) паходзіў з Багноў, дзе нарадзіўся 15 лістапада 1917 года. Адсюль ў сорак першым быў прызваны ў армію. Яго вайна, як і ў кожнага з нашых сённяшніх герояў, была вельмі кароткай: ужо на другі дзень баец стаў палонным. Далейшы шлях да болю знаёмы: шталаг “Нойхамар”, лагерны № 21897, смерць — а з ёю і выратаванне ад здзекаў ды пакут — 6 чэрвеня 1943 года. Апошні свой спачын Павел Ярмашук знайшоў у польскай вёсцы Ламбінавіцы, што паблізу горада Аполе.
Нараджэнцу Старога Сяла Рыгору Пракопавічу МАНЦУ (1913–1945), які аказаўся ў палоне ў самым пачатку вайны, было суджана прайсці праз шэраг лагероў. Да вызвалення ён не дажыў лічаныя месяцы. Памёр 20 лютага 1945 года ў шталагу ХIII D “Нюрнберг-Лангвасар”.
І ўсё ж некаму шчасціла нават у лагерным пекле. Сярод іх згадаем яшчэ аднаго старасельца — Івана Дзям’янавіча КОЗІЧА, які нарадзіўся ў 1911 годзе. Баец 333-га стралковага палка быў захоплены ворагам 26 чэрвеня сорак першага ў Брэсце. Доўгі палон не ператварыў яго ў лагерны пыл. Чырвонаармеец Козіч быў вызвалены з палону ў пераможны дзень — 8 мая 1945 года.
Напрыканцы хочацца выказаць шчырую падзяку дырэктару музея абароны Брэсцкай крэпасці Рыгору Бысюку і навуковаму супрацоўніку гэтай установы Алене Міцюковай за дапамогу ў падрыхтоўцы нашых нататкаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Жабінка Актуальна