Супраць рэцыдыўнай злачыннасці

Супраць рэцыдыўнай злачыннасці

Нездарма кажуць: статыстыка — упартая рэч. Паколькі з дапамогай сухіх, але пераканаўчых лічбаў яна дэманструе, як і галоўнае куды рухаецца грамадства. Вясной пракуратура раёна праверыла дзейнасць крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС на прадмет таго, як папярэджваюцца рэцыдыўныя злачынствы, прычыны і ўмовы, што ім спрыяюць. І што ж было выяўлена?
За першы квартал года агульная колькасць названых злачынстваў на Жабінкаўшчыне ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам узрасла ажно ў чатыры разы і склала 16 выпадкаў. Да таго ж, павялічылася і колькасць злачынстваў, здзейсненых асобамі, што нідзе не працуюць і не вучацца (прынамсі, летась такіх злачынстваў увогуле не было зарэгістравана, а за тры месяцы гэтага года здарылася ажно 10!). Рост рэцыдываў, на жаль, назіраем у Жабінкаўскім, Ракітніцкім, Азяцкім і Ленінскім сельсаветах.
Асаблівы неспакой ад таго, што існуюць факты, калі закон парушаюць асобы, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі. А гэта сведчыць за тое, што супрацоўнікі праваахоўных органаў не праводзяць належнай работы з гэтай катэгорыяй грамадзян.
Напрыклад, жабінкавец Р. чатыры разы пераступіў праз закон, таму і адбывае зараз пакаранне ў выглядзе папраўчых работ. Папярэдне ён быў уладкаваны на камбікормавы завод, ды надоўга там не затрымаўся. Зімой 2018/2019 года грамадзянін краў спіртное і чужую маёмасць. Пры гэтым кожны раз на парушэнне закону ён ішоў нападпітку. Каб раней былі прыняты меры з боку міліцыі, у тым ліку пасля звальнення Р. з працы, ён мог і не ўстаць на хісткі шлях, што зноў прывёў на лаву падсудных.
16 мая ў Жабінкаўскім РАУС пад старшынствам пракурора раёна Уладзіміра Кірылюка ладзіўся каардынацыйны савет па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. На ім разглядаліся пытанні дзейнасці праваахоўных і дзяржаўных органаў у прафілактычнай рабоце з асобамі, што стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС. Пры гэтым было прызнана: папярэджанне рэцыдыўнай злачыннасці ў раёне не ў поўнай меры адпавядае патрабаванням. Пагэтаму пранаваны канкрэтныя мерапрыемствы, якія павінны пасадзейнічаць, каб палепшылася не толькі статыстыка, але (і гэта, на наш погляд, галоўнае) на самой справе жыхары горада і раёна адчулі сябе абароненымі ад асобаў, якія зноў і зноў, ігнаруючы нормы закону і чалавечую мараль, гатовыя ісці на злачынства.
Таццяна ЖАРЫНАВА, памочнік пракурора Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top