Рагазнянцы ідуць на рэкорд

Рагазнянцы ідуць на рэкорд

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

У мінулы чацвер на “пяціхвілінку” перад пачаткам працоўнага дня ў ААТ “Рагазнянскі” прыехалі начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Кучынскі і старшыня прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук з прыемнай місіяй.
— Мы падвялі вынікі раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый і механізатараў на вясновых палявых работах у 2019 годзе, — гаварыў Аляксандр Яўгенавіч. — Усе работы праведзены ў тэрмін і якасна, дзякуючы клопатам нашых рупліўцаў. Варта адзначыць, што з 9 перамог у розных намінацыях 6 — дасталася працаўнікам вашай гаспадарцы. Гэта своеасаблівы рэкорд. Дазвольце ўручыць гэтыя прыгожыя дыпломы, вымпелы і прыемные дадаткі — “канверцікі” з сертыфікатамі.
Хто ж яны, пераможцы раённага спаборніцтва ў ААТ “Рагазнянскі”? Уладзімір Буневіч (узараў 870 га глебы), Сяргей Панасюк (унёс сродкаў аховы раслін на плошчы 2256 га), Сяргей Качаноўскі (пасеяў 611 га кукурузы), Сяргей Кікаўскі (пасеяў 300 га цукровых буракоў), Аляксандр Андрасюк (унёс 12440 тон арганікі), Ігар Небяльчук (пагрузіў 40880 т арганікі).
Госці пажадалі поспехаў на палях і адправіліся віншаваць пераможцаў у іншыя гаспадаркі. Так, Уладзімір Харунжы з ААТ “Ракітніца” пасеяў 809 гектараў зерневых і зернебабовых, Юрый Карняйчук з ААТ “Жабінкаўскі” ўнёс мінеральных угнаенняў на плошчы 3675 га, а Анатоль Платонаў з ААТ “Азяты АГРА” падрыхтаваў 879 га глебы.
Ну, а што тычыцца гаспадаркі-пераможцы раённага спаборніцтва, дык тут вызначыліся ажно два прэтэндэнты на пальму лідарства — ААТ “Рагазнянскі” і “Вазнясенскі”.

Popularity: 1%

Top