Медыкі завіталі да школьнікаў
У першай гарадской школе адбыліся цікавыя сустрэчы з медыкамі ў рамках міжведамасных прафілактычных праектаў “Правільная пастава — залог здароўя!”, “Школьнае харчаванне — здаровае і рацыянальнае!”, “Мой выбар — жыць з пазітывам!”. Урач-эпідэміёлаг раённага ЦГЭ Уладзімір Лапус пагутарыў з вучнямі сёмых класаў і расказаў, як сфарміраваць правільную паставу, назваў прычыны яе парушэнняў, даў карысныя рэкамендацыі. З навучэнцамі старэйшай ступені сустрэлася ўрач-валеолаг ЦРБ Ірына Астроўская, якая звярнула ўвагу на правілы харчавання, а дзяўчынкі-васьмікласніцы маглі задаць пытанні ўрачу-гінеколагу Ларысе Шмурадка.
Самая крэатыўная сям’я
На базе турысцка-аздараўленчага комплексу “Белае возера” прайшоў абласны форум-злёт “Вера. Надзея. Любоў”. У ім прынялі ўдзел маладыя сем’і, якія падчас спаборніцтваў прадэманстравалі кемлівасць і спартыўныя здольнасці, кулінарныя таленты і, вядома ж, сваю згуртаванасць. Наш раён годна прадставіла сям’я Сяргея і Таццяны Куратнік, якія працуюць у ААТ “Хмелева”. Па выніках форуму яны атрымалі званне “Самая крэатыўная сям’я”.
На палігоне — “Арляня”
На тэрыторыі 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Венскай Чырванасцяжнай брыгады адбылася абласная спартыўная ваенна-патрыятычная гульня “Арляня-2019”. Хлопчыкі і дзяўчынкі чаканілі страявы крок, разбіралі і збіралі аўтамат, спаборнічалі ў спартыўнай эстафеце, дэманстравалі ўзаемападтрымку і камандны дух у іншых этапах конкурсу. Жабінкаўскі раён прадставілі пераможцы раённага этапу гульні — навучэнцы трэцяй гарадской школы. Наша каманда “Адважныя” была адзначана граматай у творчым этапе, заваяваўшы перамогу ў намінацыі “Лепшая карціна”. А Дзмітрый Ульчык вылучыўся ў спаборніцтве “Снайпер”, дзе заняў першае месца!
Вольга запрашае на выставу
Наша знакамітая зямлячка Вольга Данілюк запрашае ўсіх жадаючых на сваю выставу акварэляў “Горад ля ракі”. У яе пейзажах спакой і цішыня, летуценне і задуменнасць, утульнасць і неверагодная прыгажосць прыроды. Экспазіцыя размясцілася ў Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, што ў Малых Сяхновічах, і будзе чакаць наведвальнікаў да 15 чэрвеня.
“Бронза” — у жабінкаўскіх валейбалістак
У Кобрыне прайшоў абласны турнір па валейболе сярод дзяўчынак 2007-2008 гадоў нараджэння. Акрамя гаспадароў спаборніцтваў, у ім прынялі ўдзел юныя валейбалісткі з Пружан, Жабінкі і Баранавічаў. Па колькасці набраных ачкоў наша каманда заваявала трэцяе месца. Судзейская калегія вызначыла таксама лепшых ігракоў турніру і ўзнагародзіла іх прызамі. У камандзе Жабінкаўскай СДЮШАР гэтае ганаровае званне атрымала Лізавета Галавейка.
Сусветны дзень без тытуню
Штогод ён адзначаецца ў апошні дзень мая. Пра гэта нагадваюць работнікі сферы аховы здароўя нашага раёна. Медыкі розных краін б’юць трывогу, таму што курэнне застаецца сур’ёзнай праблемай, якая ўплывае на здароўе чалавека. Наступствы згубнай звычкі штогод прыводзяць да смерці каля 6 мільёнаў чалавек у свеце, 600 тысяч з іх — пасіўныя курыльшчыкі. Няхай гэта сумная статыстыка дапаможа прыхільнікам шкоднай звычкі задумацца і зрабіць кожны дзень свайго жыцця днём без тытуню.
“Селяхі” — гэта ўжо традыцыя!
Так лічыць жабінкавец, студэнт БрДТУ Ігар Дошчык. У складзе дружнай каманды ўніверсітэта ён ужо ў чацвёрты раз стаў удзельнікам Брэсцкага маладзёжнага форуму, які ладзіцца на возеры Селяхі. У маляўнічым куточку нашай вобласці маладыя людзі спаборнічалі ў разнастайных конкурсах — турыстычнай і веласіпеднай эстафетах, спартыўным арыентаванні і дартсе, перацягванні каната, спявалі песні ля вогнішча, афармлялі свой лагер і гатавалі паходныя стравы. У агульнакамандным заліку Ігараў калектыў заняў другое месца. Жабінкавец заўважыў, што такія сустрэчы зараджаюць здароўем, энергіяй, пазітывам і параіў землякам часцей выбірацца на прыроду.
Чаму ж за год навучыліся?
Напрыканцы мая ў Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся справаздачны канцэрт. Выхаванцы ўстановы прадэманстравалі, чаму навучыліся за гэты навучальны год. Хлопчыкі і дзяўчынкі падаравалі прысутным разнастайныя творчыя нумары, у якіх звярнуліся як да вядомых музычных кампазіцый, так і да сучасных. Сустрэча запэўніла, што кожны вучань школы пад чулым кіраўніцтвам свайго педагога ўзняўся яшчэ на адну творчую прыступку вышэй.
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
