Святлана КІСЛАЯ.
Фота аўтара.
Брэст на мінулым тыдні прымаў удзельнікаў XIV Міжнароднага медыя-форуму “Партнёрства ў імя будучыні: журналістыка і сацыяльная абарона грамадства”, які стартаваў у Мінску і меў працяг у горадзе над Бугам. Журналісты з 24 краін прыехалі ў Брэст. Сярод іх — Вялікабрытанія, ЗША, Малдова, Польшча, Францыя, Сербія, Кітай, Ізраіль, Манголія, Германія, Арменія, Італія, Расія, Венгрыя, Эстонія, Літва, Туркменістан. Больш за сотню замежных гасцей: дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, дыпламатаў, прад-стаўнікоў экспертнай і медыйнай супольнасцей.
Удзельнікі дыскутавалі аб медыяпрасторы і інфармацыйнай бяспецы, уплыве сацыяльных сетак і блогасферы на фарміраванне грамадскай думкі, абмяркоўвалі сучасныя трэнды інтэрнэт-журналістыкі і яе ролю ў вырашэнні сацыяльна-палітычных праблем рэгіёнаў.
Пленарнае пасяджэнне адбылося ў канферэнц-зале турыстычнай сядзібы “Рынькаўка” Брэсцкага раёна. На пленарнай частцы было зачытана пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удзельнікам і гасцям медыяфоруму.
“Сімвалічна, што ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў месцам правядзення форуму абраны Брэст — горад-герой, які мужна прыняў на сябе першыя ўдары ворага, — гаварылася ў пасланні. — Нашы народы здзейснілі вялікі подзвіг, адстаялі ў той вайне сваю свабоду і незалежнасць, таму што былі разам. Сёння мы таксама павінны зберагчы агульную гісторыю, не дапусціць перагляду і фальсіфікацыі гераічнага мінулага. Зрабіць не толькі прафесійны, але і глядацкі, чытацкі выбар на карысць журналістыкі праўды, справядлівасці і аб’ектыўнасці”. Прэзідэнт пажадаў усім удзельнікам форуму невычэрпнай энергіі, моцы духу і высокіх рэйтынгаў, а таксама новых ідэй у рэалізацыі актуальных праектаў, накіраваных на захаванне ў грамадстве адзінства, згоды і міру ў імя будучыні.
У пасяджэнні “Саюзная дзяржава. 20 гадоў у медыяпрасторы. Вынікі і перспектывы” ўдзельнічалі кіраўнікі саюзных сродкаў масавай інфармацыі як з расійскага, так і з беларускага боку. Яны мелі магчымасць абмяняцца вопытам падчас дыскусій на чатырох пляцоўках.
“Аб’ёмы інфармацыі, колькасць інфармацыйных каналаў імкліва павя-лічваюцца. Функцыі, якія раней былі выключна прэрэгатывай журналістаў, зараз гатовы ўзяць на сябе кожны, — гаварыў першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі. — Разам з новымі магчымасцямі з’яўляюцца новыя пагрозы, колькасць інфармацыйнага смецця значна павялічылася. Таму задача абараніць грамадства ад фэйкавых навін — вельмі актуальная. На ўзроўні нарматыўна-прававой базы і якаснай ролі прафесійных СМІ”.
На другі дзень была арганізавана Летняя школа журналістыкі па тэме “Сучасная журналістыка і сацыяльныя медыя”. Вядучыя журналісты Беларусі і Расіі правялі на базе Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С. Пушкіна майстар-класы, прысвечаныя сучасным інфармацыйным тэхналогіям у тэлевытворчасці, ролі блогераў у прасоўванні кантэнту ў сучаснай медыяпрасторы, майстэрстве дыскусіі на сучасным тэлебачанні і іншаму. Завяршыла праграму медыяфоруму экскурсія па абласным цэнтры з наведваннем Брэсцкай крэпасці.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
