Улад і Марыя — у дзясятцы лепшых

11-12 мая ў сталіцы нашай рэспублікі адбыўся адкрыты турнір “Дзіцячая ліга плавання” сезон 2018/2019 чацвёрты этап. Спаборніцтвы праходзілі ў трох узроставых групах: удзел прымалі хлопчыкі і дзяўчынкі 2007-2008 гадоў нараджэння, 2009-2010-га, 2011-га і маладзейшыя. Да слова, папярэднія этапы прайшлі ў Брэсце, Вілейцы і Гродне.
Праграма чацвёртага этапу ўключала заплывы на 50 метраў вольным стылем, 200 метраў на спіне, 50 метраў брасам, 100 метраў комплексным плаваннем, 800 метраў вольным стылем. На наступны дзень можна было паспрабаваць свае сілы на дыстанцыях 100 метраў вольным стылем, 50 метраў на спіне, 100 метраў брасам, 50 метраў батэрфляем і іншых. Кожны ўдзельнік меў права выступаць не больш чым у дзвюх асабістых дысцыплінах за дзень.
Спаборніцтвы праходзілі на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу “Трактар” у 25-метровым басейне. Акрамя каманд са спартыўных школ, секцый, фітнес-клубаў Беларусі ў спаборніцтвах прынялі ўдзел расійскія каманды з Маскоўскай вобласці, плыўцы з Казахстана, а таксама з Украіны — са спартыўных школ і клубаў горада Кіева.
У каманду Брэсцкай вобласці ўвайшлі прадстаўнікі СДЮШАР Жабінкаўскага раёна па плаванні: Уладзіслаў Пархуцік, Аляксандр Актысюк, Марыя Бандарчук, Кацярына Селех, Павел і Надзея Гурыны, Таццяна Саўчук, Вера Яновіч, Яраслаў Муха і Валерыя Рэмеш.
Удзел жабін-каўскіх плыўцоў у спаборніцтвах стаў магчымым дзякуючы спонсарскай дапамозе ТАА “Будайліт”. Бацькоўскі камітэт і трэнер Людміла Гаўрылюк выказваюць падзяку яго кіраўніку Сяргею Капусціну за аказаную дапамогу.
Спартыўна-аздараўленчы комплекс “Трактар” абсталяваны відэакамерамі, і на сайце ўстановы вялася анлайн-трансляцыя спаборніцтваў, што дазволіла бацькам назіраць за імі. Каля экранаў манітораў збіралася хварэць уся радня.
Для Веры, Яраслава і Валерыі гэтыя спаборніцтвы былі першымі ў іх спартыўнай кар’еры. Нягледзячы на гэта, юныя плыўцы выдатна справіліся з хваляваннем і праплылі дыстанцыі, значна палепшыўшы заяўлены час. Гэта дало ім стымул для дасягнення больш высокіх вынікаў.
А вось Уладзіслаў Пархуцік і Марыя Бандарчук увайшлі ў дзясятку лепшых плыўцоў. Марыя была шостай на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем і пацвердзіла другі дарослы разрад на дыстанцыі 200 метраў комплексным плаваннем. А Уладзіслаў быў шостым на дыстанцыях 200 метраў на спіне, у комплексным плаванні і сёмым на дыстанцыі 100 метраў вольным стылем.
Мы, бацькі, рады за нашых дзяцей. Яны займаюцца спортам, шмат трэніруюцца, выпрацоўваюць сілу волі і імкненне да перамогі. Але самае галоўнае, плаванне ўмацоўвае здароўе, яно карыснае для ўсіх сістэм арганізма. Бацькоўскі камітэт шчыра дзякуе трэнеру Людміле Анатольеўне за падрыхтоўку дзяцей да спаборніцтваў, арганізацыю гарачага харчавання і баявы настрой.
Таццяна БАНДАРЧУК.
На здымках: актыўна падтрымліваюць сваіх сяброў-плыўцоў Надзея Гурына, Таццяна Саўчук і Кацярына Селех; плыўчыха Марыя Бандарчук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна