Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
На чарговы бацькоўскі сход, што адбыўся ў трэцяй гарадской школе, у складзе інфармацыйна-прапагандысцкай групы завітаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. І гэта невыпадкова: многія мамы і таты працуюць у Брэсце, і не ў кожнага ёсць магчымасць сустрэцца з кіраўніцтвам раёна, задаць хвалюючыя пытанні.
У першай частцы сустрэчы Дзмітрый Мікалаевіч расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, трымаў перад бацькамі своеасаблівую справаздачу аб зробленым у горадзе і вёсках, падзяліўся планамі на бліжэйшую перспектыву. Затым старшыня райвыканкама быў гатовы выслухаць праблемы, што непакояць бацькоў. Ад іх паступіла звыш двух дзясяткаў пытанняў, большасць тычылася дарог. Адразу некалькі татаў заклапочаны станам дарожнага пакрыцця на вуліцах Лясной, Лугавой, Рампавай, Дачнай, Асенняй, Міцкевіча. Дзмітрый Мікалаевіч патлумачыў, што немагчыма адначасова “абуць” у асфальт усе вуліцы горада, бо задавальненне гэтае не з танных. А вось падтрымліваць вуліцы ў парадку, своечасова грэйдзіраваць іх — гэта задача пад сілу адказным службам.
Што яшчэ хвалюе жабінкаўцаў? Так, адна з мам, дзеці якой прыязджаюць на школьным аўтобусе на заняткі, заклапочана бяспекай пры пасадцы малечы ў транспарт і высадцы з яго, таму што раніцай ля школы — аншлаг. Кожны з бацькоў намагаецца як мага бліжэй падвезці дачку-сына,
аўтамабілі замі-наюць школьнаму аўтобусу. Мо, ёсць магчымасць пашырыць аўтастаянку? Кіраўнік раёна адначыў, што зусім побач, ля гарадскога рынку, ужо існуюць аўтамабільныя стаянкі і няма вялікай бяды, калі дзеткі зробяць лішніх сто крокаў на шляху да ведаў.
У працяг “аўтамабільнай” тэмы. Уладальнікі “жалезных коней” начышчалі іх да бляску на аўтаадмывальні ў былым КБА. Цяпер яна зачынілася. Ну, не на Мухавец жа ехаць, “купаць” любімае аўто?! “Гэта яшчэ раз падкрэслівае, як мы нябедна жывем: аўтамабіль няма дзе прыпаркаваць…” — пажартаваў Дзмітрый Мікалаевіч. — А потым сур’ёзна дадаў: сапраўды, пытанне з аўтамыйкай актуальнае, у хуткім часе, будзем спадзявацца, яно вырашыцца.
Зацікаўлены бацькі ў чысціні горада. Аб гэтым сведчыла пытанне-просьба адной з мам: “Чаму не прыбіраецца тэрыторыя каля былога маладзёжнага кафэ на вуліцы Леніна?”. На гэтай вуліцы запланаваны пункт грамадскага харчавання (магчыма — дзіцячае кафэ), таму і праблема з прыбіраннем вырашыцца.
Прасілі бацькі перагледзець на вуліцы Камсамольскай стан з’ездаў для веласіпедаў — яны нязручныя.
Адна з матуль паскардзілася, што ёй даводзіцца працаваць у Брэсце, і, калі не паспявае на адзін ранішні цягнік, то чарговы завязе ў абласны цэнтр са спазненнем, а дабірацца на працу маршруткай ёй дарагавата. Ці магчыма пусціць дадатковы цягнік накірункам на Брэст?
Нямала клопату дастаўляюць жабінкаўцам бадзяжныя жывёліны. Азлобленыя сабакі кідаюцца на дзяцей, дарослых: пакусае — не пакусае, а напужаць можа… Праўда, вылавіць бадзяжку не так проста. Хаця, каб гаспадары не выкідвалі на вуліцу сваіх жывёлін, то і не было б гэтай праблемы.
Здавалася б, пытанне вывазу смецця ў горадзе вырашана. Аднак не ўсе жабінкаўцы задаволены “суседствам” з кантэйнерамі і, адпаведна, непрыемнымі пахамі ад іх з наступленнем гарачых дзён. Жыхар з вуліцы Ф. Скарыны ўвогуле прасіў перамясціць кантэйнеры далей ад яго дома.
Мама дзіцяці з інваліднасцю (яна, як і ўсе папярэднія, не прадставілася), вельмі прасіла абсталяваць зручны пандус для інваліднай каляскі па вуліцы Леніна, 57, каб з дзіцём часцей бываць на вуліцы. Дзмітрый Мікалаевіч паабяцаў узяць яе просьбу на асабісты кантроль.
Калі пытанні-просьбы бацькоў былі выслуханы, слова ўзяў начальнік Жабінкаўскага РАУС Андрэй Лагота. Ён нагадаў прысутным, па якіх схемах дзейнічаюць злодзеі ў інтэрнэце, і даў некалькі парад, як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
