Тры ў адным

Літаральна кожны дзень бачым рэкламу “Тры ў адным”, што агітуе за выдатны мыючы сродак. Ён, маўляў, і мые, і крухмаліць, і пляміны з лёгкасцю выводзіць. Словам, кожнай гаспадыні столькі зручнасцей дадае!
А вось дзеянні Пятра В. якраз наадварот: не карысць людзям прыносяць, а толькі страты. Усяго за адзін месяц (трэба ж было так пастарацца!) на таго Пятра завялі ажно тры крымінальныя справы: мужчына ўхітрыўся ўкрасці ў Жабінцы два дарожныя веласіпеды, а ў Залуззі, трапіўшы ў летнюю кухню гаспадыні Алены Я., забраў электрычны чайнік “Атлант”, кухонныя нажы і рознага салення ды варэння — усяго на суму 80 рублёў.

“Госць” заходзіць у… акно

Калі пасля супрацьпраўных учынкаў, якія здзейсніў “герой” мінулых крымінальных спраў, яго імя стала вядома следству, дык пра іншага зламысніка звестак пакуль значна менш. Пра такога ў народзе кажуць: шукай ветру ў полі…
Гэты нявядомы таксама здзейсніў крадзеж: з хлеўчыка ў садовым таварыстве “Дружба” паблізу райцэнтра ён скраў турысцкі раскладны стол коштам у 160 рублёў. Прычым няпрошаны “госць” зрабіў сваю справу шляхам пашкоджвання аконнага праёма. Хто здзейсніў гэтае злачынства, патрэбна яшчэ выявіць работнікам у міліцэйскіх шынялях.

Што ляжыць у гаражы?

Кожны найперш адкажа: мабыць, нейкія інструменты, патрэбныя аўтамабілісту. А вось у гаражы Аляксея С. у Буснях, акрамя гэтага, было выяўлена яшчэ і 5 грамаў здробленага высушанага рэчыва зеленавата-карычневага колеру. Як вынес заключэнне эксперт, знойдзенае з’яўляецца небяспечным наркатычным рэчывам — марыхуанай.
Вядома ж, гаспадар гаража патлумачыў, што зелле захоўвалася без мэты продажу. Але ж мець у сябе і захоўваць наркотык — гэта таксама злачынства. Таму Аляксей С. павінен панесці пакаранне згодна з часткай 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Хуліган, не буянь,
рукам волю не давай!

Два падобныя здарэнні адбыліся ў межах вёскі Залуззе. У першым выпадку было так. Работнікі дарожна-паставой службы каля гідравузла № 8 за здзейсненае адміністрацыйнае правапарушэнне вырашылі даставіць Міхаіла Г. у аддзел міліцыі. Аднак гэтаму актыўна перашкаджаў непаўналетні Ігар К. Болей таго, ён нават стукнуў кулаком у твар аднаму з інспектараў ДПС.
А вось і другая сітуацыя, што прывяла да рукапрыкладства. Нечым не спадабаўся Анатолю Б. Вадзім Г. Хуліган нанёс шэсць удараў драўлянай палкай па розных участках цела Вадзіма. У выніку ў пацярпелага — закрыты пералом левага надкаленніка, так што той быў вымушаны лячыцца звыш чатырох месяцаў.
Хуліганская выхадка Ігара К. падпадае пад артыкул 364, а Анатоля Б. — пад частку 1 артыкула 149 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Тата, не забывай пра дзіцятка сваё…

Яшчэ ў 2013 годзе суд абавязаў Аляксандра Ш. выплачваць штомесячна 16,5 % з усіх відаў заробку на карысць Вольгі Л. на ўтрыманне непаўнагадовага дзіцяці. Зараз ёсць патрэба зноў вярнуцца да таго рашэння суда, бо гора-бацька звыш трох месяцаў не выплачваў аліментаў, што падпадае пад частку 1 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса краіны.
Аляксандр, няўжо ты не чуеш голасу свайго дзіцяці: “Тата, не забывай пра мяне!”? А калі чуеш, дык чаму не пасылаеш грошай на яго выхаванне?

Не прывык сябраваць з законам

У адным з мінулых выпускаў “Крымінальнай хронікі” мы расказалі, як за Аляксандрам Ш., які на восем гадоў пазбаўляўся волі, пасля вяртання з турмы быў устаноўлены прэвентыўны (папераджальны) нагляд, які накладваў на паводзіны чалавека шэраг абмежаванняў.
Сённяшні наш герой Генадзь Б., як і Аляксандр, не адзін год правёў у зняволенні, а калі вярнуўся, за ім таксама быў устаноўлены прэвентыўны нагляд.
Аднак ён не прывык жыць у дружбе з законам і час ад часу дапускаў правапарушэнні. То яго можна было ўбачыць у рэстаране альбо бары, то пакідаў месца пражывання з 22 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы, то ігнараваў адзначацца ў назначаныя дні ў райаддзеле міліцыі. Такім чынам, неаднойчы парушаў пастанову аб прэвентыўным наглядзе і таму прыцягваўся за гэта да адміністрацыйнай адказнасці.
Тым не менш, і пасля прынятых мер Генадзь працягваў дапускаць невыкананне ўскладзеных на яго судом абмежаванняў. Таму яго паводзіны падпадаюць пад артыкул 421 КК і павінны быць разгледжаны ў судзе.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік райаддзела міліцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top