***
Я так хачу, каб нашы дзецi
Не ведалi вайны з бядою!
З бацькамi каб былi ўсе,
З адзеннем, хатаю, ядою.
Каб не пазналi нашы дзецi
Ў жыццi нi разу горкай долi.
Каб рэкi слёз з вачэй яскравых
Не пралiвалiся нiколi!
Хай толькi ўсмешкі на iх тварах
Блiшчаць, як сонейка вясною,
I саграваюць нас заўсёды
Сваёю цёплай дабратою!
Лясныя пахі
Калі іду па лесе,
Паветра я ўдыхаю.
Які прыемны водар
Бярозавага гаю!
У хвойніку сасною
Прапахла ўся зямля.
Вясной духмянасць дзічкі –
У кветачках галля…
Чарніцы і суніцы,
Пах беленькіх грыбоў.
Улетку водар ліпы
Лепш дарагіх духоў!
І дзе-нідзе запахне
Сасноваю смалой
У свежасці марознай
Бялюткаю зімой.
Дубы, бярозы, хвоі –
Нібы жывы эцюд…
Душа заўсёды рада
І лесу, і жыццю.
Куліч
Як воблака, мяккі,
Румяны, як сонца,
Вялікі – што неба,
Амаль што бясконцы!
І водар цудоўны
Ідзе па ўсёй хаце.
Яшчэ ён гарачы
Стаіць на лапаце.
І кветачка з цеста
Блішчыць, як ільдзінка,
Лісточак пакрыўся
Салодкай скарынкай…
Вялікдзень! І шчасця
Святло ў вачах!
Куліч – гаспадар
На ўсіх абрусах!
Як звяры Зіму прагналі
Казка
У лесе яшчэ панавала Зіма, калі яе сястрыца Вясна прыйшла ўступаць у свае ўладанні. Але не хацелася снежнай пані ў рукі малодшай сястры аддаваць лес-бор.
– Ну, што гэта будзе? Не, ну, што гэта будзе?! – гаварыла Зіма. – Усё вакол зазелянее, кветачкі з’явяцца паўсюль. Звяры выберуцца з нор і будуць радавацца Вясне. Не, так нельга! Усё павінна быць белым і халодным.
Яна далей сыпала сняжынкі на зямлю, на дрэвы – па ўсім-усім лесе. Дзе ж тут Вясне рассыпаць кветачкі, калі гурбы снегу вышэй за заечыя вушы. Села тады Вясна на пянёк і пачала плакаць. Але слёзы на такім марозе ў ледзяшы ператвараліся. Не ведала яна ўжо, што рабіць.
А Зіма хадзіла-блукала па лесе, смяялася і большыя маразы пасылала. Усё гэта звярам вельмі надакучыла. Пагаварылі яны, пагаварылі і як пайшлі аднойчы па лесе скакаць, футра зімы ірваць, дык іней з дрэў пастрасалі, а затым і лёд на рэках пакалолі.
Зіма ўжо і не ведала, што рабіць і куды хавацца. Ох, і спужалася! Нідзе на зямлі не было ёй спакою. Не вытрымала Зіма, раскалолася на мільёны крышталікаў-сняжынак і апошняй мяцеліцай узвілася ў неба.
А Вясна тым часам падмяла апошні снег і напаіла вадою дрэўцы. Звярам яна падарыла новыя футры, а потым пералічыла ўсе кветачкі, каб хутка рассыпаць іх па зямлі…
Бусел
-1-
Пасялiўся бусел
На маёй страсе.
Цэлы дзень клякоча –
Дзюбаю трасе.
Цэлы дзень на лаўцы
Сёння я сяджу.
Цэлы дзень я знiзу
На бусла гляджу.
Ён мяне заўважыў,
Паглядзеў, заклёкаў.
Ад мяне цяпер ён
Не адводзiць вока.
На дварэ цямнее.
Час iсцi мне спаць,
Але як мой бусел
Будзе засынаць?
Дрэнна яму будзе,
Бо гнязда няма.
Бусел мой замерзне,
Хоць i не зiма!
-2-
Ноччу сон прысніўся:
Я забрала птушку
І падклала госцю
Мяккую падушку.
Ну, а ранкам бачу –
Я адна на ложку!
Буслiк робiць хату
Спакваля, патрошку.
Вечарам бусліну
Ён дабудаваў
І ўжо гэтай ноччу
Моцна, цёпла спаў.
-3-
Стаў мне даўганогі
Сябрам назаўсёды.
У мяне былi з ім
Розныя прыгоды.
Да яго прывыклi
Куры, гусi, качкi.
З буслiкам сябруюць
Коткі ды сабачкi.
Але жнiвень зараз.
Час збірацца ў вырай.
Бусел для палёту
Размiнае крылы.
Я стаю i з сумам
На бусла гляджу.
“Колам хай дарога
Коцiцца!” – кажу.
Толькі спадзяюся:
Прыляціць вясной,
Рады павітацца
Клёкатам са мной!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%