Чысты лес рукамі… педагогаў
У любімым месцы адпачынку многіх жабінкаўцаў – на беразе Мухаўца ва ўрочышчы Залуззе – падчас падрыхтоўкі да раённага турзлёту педагогаў адбылася экалагічная акцыя па навядзенні чысціні і парадку. Як паведаміла старшыня Жабінкаўскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан, да ініцыятывы зрабіць куточак малой радзімы крыху больш утульным і чыстым ахвотна далучыліся настаўнікі. Захоўваць у чысціні вадаёмы і лясныя зоны адпачынку – наш абавязак!
І ў выхадны на службе
У аграгарадку Ленінскі на другім паверсе жылога дома 26 мая адбыўся пажар. У гэты час у кватэры знаходзілася гаспадыня – пенсіянерка 1932 года нараджэння. На дапамогу жанчыне прыйшоў начальнік каравула ПАВЧ № 1 Брэсцкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях старшы лейтэнант унутранай службы Аляксей Раўноў, які жыве ў аграгарадку. У выратавальніка ў гэты дзень быў выхадны.
Пра пажар паведамілі калегі па тэлефоне. Прыбыўшы на месца здарэння, Аляксей Раўноў даведаўся, што дзверы ў кватэру ўжо адчынены, але гаспадыню не могуць вынесці з-за моцнага задымлення. Выратавальнік на каленях упоўз у памяшканне, знайшоў пенсіянерку і выцягнуў яе на лесвічную пляцоўку. Жанчына шпіталізавана з атручэннем прадуктамі гарэння.
Мак купляйце ў магазіне, або Штраф у 20 велічынь
З 1 чэрвеня па 15 верасня дзейнічае спецыяльная праграма “Мак”. Згодна з арт. 16.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, “пасеў ці вырошчванне без мэты рэалізацыі ці вырабу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, забароненых да вырошчвання раслін і грыбоў, што ўтрымліваюць наркатычныя сродкі ці псіхатропныя рэчывы”, караюцца штрафам да 20 базавых велічынь. Таму лепей не сеяць мак у агародзе, а купіць яго ў магазіне – танней абыдзецца.
Май не абышоўся без ДТЗ
Як паведаміў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС Раман Крупко, 5 мая ў 02.31 вадзіцель В., кіруючы аўтамабілем “Мерседэс” у складзе з паўпрычэпам, рухаўся па 121-м кіламетры аўтадарогі Слонім – Высокае ў накірунку ад Пружанаў у вёску Відамля і здзейсніў спадарожнае сутыкненне з аўтамабілем МАЗ. У выніку МАЗ перакуліўся, яго вадзіцель з атрыманымі траўмамі быў змешчаны ў рэанімацыйнае аддзяленне Камянецкай раённай бальніцы. 14 мая вадзіцель МАЗа Ш. памёр у бальніцы. Па дадзеным ДТЗ праводзіцца праверка.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.