З набалелым – да памочніка Прэзідэнта

 

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Прыём грамадзян у Жабінкаўскім райвыканкаме правёў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Васіль Герасімаў.
З пытаннямі да яго звярнуліся 13 чалавек – не толькі прадстаўнікі Жабінкаўшчыны, але нават з Пінска і Брэста. Праблемы, якія хвалююць людзей, самыя розныя. Напрыклад, жыхароў дома па вул. Цэнтральная, д. 32 не задавальняе рамонт, які быў праведзены работнікамі Жабінкаўскай ЖКГ. Як лічаць самі жыльцы, пад’езд знаходзіўся ў здавальняючым стане і не было патрэбы яго рамантаваць-фарбаваць. Па гэтай прычыне жыхары не згодны аплачваць праведзеныя работы.
– Трэба людзям было растлумачыць, па якой прычыне пад’езд пастаўлены ў чаргу на рамонт, каб яны дакладна ведалі, за што плацяць, – сказаў дырэктару Жабінкаўскай ЖКГ Паўлу Заграю памочнік Прэзідэнта. – Дакажыце, чаму быў патрэбны рамонт і колькі ён каштаваў. У залежнасці ад адказу будзе зразумела, што рабіць далей.
Васіля Гронскага з райцэнтра на прыём прывяла асабістая мэта: ён дабіваецца, каб ягонага брата, што злажыў галаву ў баях падчас Вялікай Айчыннай вайны, пасмяротна ўшанавалі Ордэнам Славы. Васіль Герасімаў растлумачыў, што факт узнагароджання яго брата Ордэнам Славы трэцяй ступені пацверджаны Цэнтральным архівам Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, так што подзвіг ягонага брата не забыты.
Галіна Залужная з Жабінкі патурбавала памочніка Прэзідэнта просьбай дапамагчы аформіць дакументы аб пазбаўленні былога мужа бацькоўскіх правоў.
Валянціна Дзмітрук на прыём прыйшла адстойваць інтарэсы калектыву – жыхароў вёскі Вялікія Якаўчыцы. Яна заклапочана газіфікацыяй вёскі. Будзе ў гэтым населеным пункце газ – будзе і перспектыва. А пакуль у вёсцы, якая налічвае каля трохсот якаўчукоў, моладзь не затрымліваецца, з’язджае ў горад.
Васіль Герасімаў патлумачыў, што пры наяўнасці сродкаў у наступным годзе магчыма падвядзенне магістральнага газаправода да Вялікіх Якаўчыц працягласцю 4,7 км. Каб пабудаваць размеркавальныя газаправодныя сеткі, неабходна сфарміраваць кааператыў. У маі, дарэчы, Жабінкаўскі райвыканкам звярнуўся з хадайніцтвам у Брэсцкі аблвыканкам з просьбай заранёў пачаць фарміраванне кааператыву. Надзеі ёсць, бо ў наступным годзе ў гэтай вёсцы будуць праведзены раённыя “Дажынкі”, і, магчыма, жыхары да свята атрымаюць і блакітнае паліва.
Пра перспектывы газіфікацыі вёскі пыталіся ў памочніка Прэзідэнта таксама і жыхары в. Новыя Дворы.
Алена Маліноўская заклапочана будаўніцтвам дзіцячага сада ў райцэнтры, бо тыя, што ёсць, перапоўнены і маленькіх даводзіцца вазіць у бліжэйшыя вясковыя дзіцячыя сады.
Заяўляльнікам паабяцалі дасканала разабрацца з набалелымі пытаннямі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.