Дабрыня i мiласэрнасць выратуюць свет

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота аўтара.

Гэтая фраза неаднойчы гучала з вуснаў вядучай і ўдзельнікаў маштабнага дабрачыннага мерапрыемства, прымеркаванага да Дня сям’і ды арганізаванага раённым выканаўчым камітэтам і дабрачынным фондам дапамогі дзецям “Сэрца Анёла” ў падтрымку 3-гадовай Дашанькі Співак, якой неабходна лячэнне за мяжой.
Моцны дождж, што пачаўся адначасова з канцэртам на гарадской плошчы, крыху сапсаваў планы арганізатараў, але ніколькі не спалохаў нераўнадушных жабінкаўцаў, якія раскрылі парасоны і не разыходзіліся. Аднак дзеля захавання здароўя не толькі Дашкі Співак, але і ўсіх астатніх дзетак, якіх было нямала (дакладна больш, чым дарослых), дзея перамясцілася ў глядзельную залу гарадскога Дома культуры, а рамеснікі са сваімі цудоўнымі вырабамі – у фае ГДК.
Калі здараецца бяда, трэба трымацца разам, дапамагаць адзін аднаму, – сказаў перад выступленнем Валерый Няменьшы, кіраўнік народнага вакальнага ансамбля “Каларыт”.
Разам у той вечар сабралася нямала калектываў і гледачоў, якія адначасова былі і ўдзельнікамі дабрачыннага мерапрыемства, ахвяраваўшы свой час і грашовыя сродкі дзеля выздараўлення маленькай Дашкі. А яна прысутнічала ў зале разам з мамай Тамарай Вячаславаўнай і, мабыць, у сілу ўзросту не ўсведамляла, што ўсе гэтыя яркія нумары на сцэне для яе і дзеля яе. Канцэрт уражваў сваёй насычанасцю, разнастайнасцю выступоўцаў і жанраў, цеплынёй і шчырасцю, якія ад іх сыходзілі.
Падтрымаць Дашаньку Співак у барацьбе з хваробай на сцэну ГДК выходзілі, акрамя народнага вакальнага ансамбля “Каларыт”, калектывы эстраднага танца “Непаседы” і “Stardas”, эстрадная студыя “Золак”, вакальны калектыў “Вясёлкавы мікс”, навучэнцы Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Кіра Рыкава, Вераніка Чарнаплечая, Кацярына Зданкевіч, Уладзіслаў Шчасюк і многія іншыя. Вучні першай гарадской школы Злата Цупа і Мікалай Людына пранікнёна прачыталі вершы “Міласэрнасць” і “Свет трымаецца на добрых людзях”, а іх 6 “Б” прыйшоў на канцэрт амаль у поўным складзе на чале з класным кіраўніком Юліяй Дусь. Завіталі да нас у Жабінку на дабрачыннае мерапрыемства і берасцейскія госці. “Запалілі” залу сваімі цудоўнымі спевамі лаўрэатка міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, салістка Брэсцкага гарадскога аркестра духавой эстраднай музыкі Марына Жыцянёва, гурт “КаМаДа” і дыджэй Максім Прынцэпс. Сарвала гучнае “брава” захопленых гледачоў і выступленне студыі сацыяльных танцаў “Face2Face” з лацінаамерыканскімі зукам і бачатай.
Дашка, мы з табой! – нібы гаварылі выступленні юных і дарослых артыстаў, адчувалася шчырасць і спагадлівасць глядацкай аўдыторыі. Гэтыя словы шмат разоў паўтарала і вядучая Святлана Рай, аб’яўляючы чарговы нумар.
У адной вядомай прыказцы гаворыцца: калі перад табой закрыты ўсе вароты, дзверы міласэрнасці ўсё ж адчынены. Для міласэрных, неабыякавых, чулых людзей у той вечар былі адчынены дзеры гарадскога Дома культуры ў Жабінцы. Яны не праходзілі міма валанцёраў раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” са скрынямі для грашовых ахвяраванняў у падтрымку Дашы Співак. І верылася: усім светам, талакою дружна справімся з бядою. Дапаможам, чым зможам, маленькай, таму што мы жывём дзеля шчасця нашых дзяцей, дзеля іх усмешак і здаровага дзяцінства.
– У нас верыць многа людзей, – заўважыла ў размове Тамара Співак. – Яны моляцца за нас, падтрымліваюць. Мы справімся – і паправімся! Упэўнена, так яно і будзе.
P.S. Паважаныя жабінкаўцы! Тыя з вас, хто хоча прыняць удзел у лёсе маленькай Дашанькі Співак, могуць зрабіць гэта рознымі спосабамі. Самы хуткі і просты – папоўніць баланс МТС (+375 29)846-04-60 на імя Тамары Вячаславаўны Співак.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.