Чулае сэрца ратуе жыццё

Дар’я ЧЭРВЕНЬСКАЯ. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

У красавіку на Жабінкаўшчыне праходзіла рэспубліканская акцыя “За бяспеку разам!”, у завяршэнне якой быў арганізаваны рэйд на тэрыторыі Крыўлянскага сельсавета.

Арганізатарамі выступілі яго старшыня Анатоль Марчук, старшы інжынер Жабінкаўскага РАНС Аляксандр Батуля і спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю аддзела Ганна Усцьянчык. У полі асаблівай увагі ўдзельнікаў рэйду апынуліся адзінока пражываючыя асобы, а таксама тыя, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Такіх жыхароў разам з Анатолем Фёдаравічам супрацоўнікі РАНС наведалі ў Крыўлянах, Мажэйках, Глыбокім і Ханьках. Многія з іх раней ужо аказваліся ў надзвычайных сітуацыях, таму спецыялісты далі рэкамендацыі па павышэнні ўзроўню пажарнай бяспекі жылля, праверылі стан пячнога абсталявання і аўтаматычных пажарных апавяшчальнікаў, нагадалі пра сумныя наступствы спальвання травы і смецця на прыдамовых тэрыторыях.
Анатоль Марчук заўжды цікавіцца справамі жыхароў населеных пунктаў свайго сельскага савета, стараецца прыйсці ім на дапамогу. Так, не застаўся старшыня ў баку ад бяды свайго суседа. Калі ў красавіку ў яго кватэры адбыўся пажар, Анатоль Фёдаравіч першым кінуўся ратаваць мужчыну. Пакоі былі зацягнуты дымам – прыйшлося паўзком шукаць пацярпелага. Ён страціў прытомнасць, таму старшыня стараўся як мага хутчэй справіцца з нялёгкай задачай і перадаць суседа медыкам. Пасля перажытага пацярпелы быў дастаўлены ў рэанімацыю і прайшоў лячэнне ў раённай бальніцы. Дзякуючы смеласці, рашучасці і неабыякавасці Анатоля Марчука было выратавана чалавечае жыццё. Даволі хутка спрацавалі работнікі РАНС, але ў надзвычайнай сітуацыі дарагая кожная секунда. Гэты ўчынак не толькі добры прыклад усім, але й напамін пра тое, што нельга заставацца абыякавым да чужой бяды.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.