З сям’і пачынаецца жыццё чалавека, тут адбываецца фарміраванне яго як грамадзяніна. На ёй будуецца любое цывілізаванае грамадства, яна выступае адным з асноўных яго інстытутаў, першай прыступкай сацыялізацыі чалавека. Сям’я – крыніца кахання, павагі, салідарнасці і прыхільнасці, важная прылада выхавання падрастаючага пакалення. Ва ўсе часы пра развіццё краіны меркавалі па становішчы сям’і ў грамадстве і па адносінах да яе дзяржавы.
У апошнія гады ў рэспубліцы нямала зроблена для павышэння ўзроўню сацыяльнай і медыцынскай абароненасці маці. Для абароны і пашырэння правоў маці і дзіцяці, у інтарэсах сям’і, паспяхова працягваецца рэфармаванне нацыянальнага заканадаўства. Ахова здароўя жанчын і абарона мацярынства сталі адной з асноўных задач дзяржаўнай палітыкі, важным складнікам аховы здароўя, які мае асаблівае значэнне ў фарміраванні здароўя нацыі.
Асноўнымі мерапрыемствамі, якія спрыяюць умацаванню здароўя дзяцей і зніжэнню іх захваральнасці, інваліднасці і смяротнасці, з’яўляюцца стварэнне і ўкараненне новых метадаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння цяжарных жанчын і дзяцей; паляпшэнне доступу насельніцтва да службаў рэпрадуктыўнага здароўя, службаў дародавай і перынатальнай дапамогі; укараненне ў практыку амбулаторна-паліклінічных устаноў праграм ранняга ўмяшальніцтва, накіраваных на прафілактыку дзіцячай інваліднасці; забеспячэнне дзяцей экалагічна чыстым харчаваннем з выкарыстаннем сучасных тэхналогій для рашэння медыка-генетычных праблем.
І ў той жа час адбываецца рост агульнай захваральнасці, зніжэнне імунітэту, рост экстрагенітальных захворванняў, ІППШ, СНІДу, змена ў сексуальнай арыентацыі.
Такім чынам, аднабакова вырашыць усе пытанні немагчыма. Як адзначыла каардынатар праекта “Гендарны маршрут” Ірына Саламаціна, “неабходна мэтанакіравана займацца сексуальнай асветай і ствараць спецыяльныя праграмы, якія павінны пачынацца да таго, як падлеткі ў масавым парадку ўступаюць у сексуальныя адносіны”. Для памяншэння колькасці абортаў неабходна ўзмацніць адказнасць мужчын і жанчын па прафілактыцы непажаданай цяжарнасці, а таксама эфектыўней распаўсюджваць інфармацыю пра кантрацэпцыю.
Ключавымі момантамі ў да-дзенай сітуацыі я лічу адказнасць мужчыны перад Айчынай і сям’ёй, жанчыны – перад мужчынам і дзецьмі, а дзяцей, у сваю чаргу, у фарміраванні правільных маральных каштоўнасцяў і пераемным назапашванні іх у свайго роду, замест тых умоўных кароткачасовых задавальненняў, назапашвання матэрыяльных выгод, адыходу ад рэальнага жыцця ў камп’ютарную рэальнасць. Значыць, асноўнымі мэтамі сям’і відавочна не служаць набыццё кватэры, вучоба ў прэстыжных школах і інстытутах, пошук свайму дзіцяці “цёплага месца пад сонцам”. А менавіта адраджэнне культуры ў пакаленнях, разуменне дакладных мэт, што ўзмоцніць сям’ю і зблізіць бацькоў і дзяцей, што пойдзе ў прыклад нашчадкам і не азмрочыць памяць продкаў.
Гэта пасільная ноша для дваіх, якія ўступаюць у сталую і моцную сям’ю, якія ведаюць, як гэта зрабіць, які вопыт продкаў пераняць і як выбудаваць у строгую і дакладную сістэму.
Спрабуйце і дзейнічайце! Здароўя ўсім і кахання.
Уладзімір ДУДКІН, урач акушэр-гінеколаг УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%