У кожным слове – пераможны май

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Ізноў май, ізноў гарады і вёскі Беларусі апрануліся ў яркія чырвоныя колеры, што сімвалізуюць Вялікую Перамогу, якая прыйшла ў свет вясной сорак пятага. Як і ў ранейшыя часы, у Жабінцы цэнтрам святкавання гэтай надзвычай важнай падзеі айчыннай гісторыі стала галоўная вуліца Кірава, якую раніцай
9 Мая запоўнілі шматлікія жабінкаўцы розных узростаў.

Зноў завітала мірная вясна

СЁЛЕТА НАДЫШЛА 73-я мірная вясна. Яе чарговая гадавіна адзначалася ў нашым горадзе з цеплынёй і радасцю, з надзеяй на моцны мір і далейшае адраджэнне, уласцівае майскім дням.
Міжволі згадваецца, як раней у страі рухаліся ў святочны дзень па галоўнай вуліцы Жабінкі дзясяткі ветэранаў. На вуснах іх былі ўсмешкі, на вачах нярэдка – слёзы. Святочнасці заўжды дадавала сонца: промні яго ярка зіхацелі на шматлікіх медалях, што ўпрыгожвалі грудзі тых, хто прайшоў дарогамі вайны. Сёння моцна памялелі тыя чалавечыя рэкі: на Жабінкаўшчыне засталося ў жывых толькі 13 ветэранаў. Таму ў шэрагах, падхапіўшы святочныя сцягі, – іх нашчадкі: дзеці, унукі, праўнукі…
Шматлюдныя калоны, расквечаныя кумачом, упрыгожаныя кветкамі, нетаропкімі крокамі а 10-й гадзіне пачынаюць свой рух да помніка савецкім воінам-вызваліцелям. Гэтае месца памятнае кожнаму жыхару нашага города, паколькі ўтрымлівае пахаванні каля трохсот чырвонаармейцаў і народных мсціўцаў, якія змагаліся за тое, каб у ліпені сорак чацвёртага на Жабінкаўшчыну прыйшло доўгачаканае вызваленне. Ачышчэнне нашай зямлі ад фашысцкай навалы – яркі крок на шляху да Вялікай Перамогі.

Наперадзе шэрагаў, якія рухаюцца ў накірунку помніка, – юнакі і дзяўчаты з партрэтамі дзядоў і прадзедаў, што ў агнявыя 1941-1945 гады змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай, у шматлікіх партызанскіх атрадах. Гэта ўдзельнікі акцыі “Бессмяротны полк”. Ужо не першы год яна ладзіцца на нашай зямлі, звязваючы пакаленні ветэранаў і іх нашчадкаў. На партрэтах, што ў руках маладых, – тыя, хто здабыў некалі свабоду, але каго ўжо няма сярод жывых. Як шматкроць падкрэслівалася ў час мітынгу, дзякуючы ветэранам больш за сем дзясяткаў гадоў жыхары роднай Беларусі не ведаюць страшных выбухаў вайны. Нездарма штогод 9 Мая з удзячнасцю згадваюцца “абаронцы роднай краіны, якія падаравалі народам Перамогу, вярнулі нашчадкам мір ды вясну!”

Памяць, гонар, метраном

МІЖВОЛІ ЧЫРВОНАЙ ніццю ў прамовах выступоўцаў гучалі словы: “Мы памятаем, мы ганарымся”. Бо ў тое ліхалецце беларускі край і ягоны народ прынёс найбольшую цяжкую ахвяру, каб наблізіўся доўгачаканы Дзень Перамогі. Як лічаць сучасныя гісторыкі, загінуў кожны трэці жыхар Беларусі, акупанты цалкам разбурылі больш за пяць тысяч населеных пунктаў, уладкавалі каля 260 лагераў смерці, турмаў і гета, у якіх знішчылі сотні тысяч мірных жыхароў.
Таму сапраўды свята Перамогі, як спяваецца ў вядомай песні, “са слязьмі на вачах”. Наша Жабінкаўшчына, якая зведала подых вайны літаральна з першых яе хвілін, стала краем змагання супраць акупантаў. У час свайго выступлення старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі нагадаў, як літаральна на трэці дзень вайны ў старасельскім лесе быў арганізаваны партызанскі атрад, названы пазней у гонар Міхаіла Чарнака. Створаны байцамі Брэсцкай крэпасці і мясцовымі жыхарамі атрад да самага вызвалення актыўна крушыў ворага. Каля дзвюх тысяч жабінкаўцаў ваявалі на франтах.
– Мы ганарымся, – падкрэсліў Дзмітрый Мікалаевіч, – што ў слаўных ваенных справах ёсць важкі ўнёсак і нашых землякоў. Яны абаранялі Маскву і Сталінград, удзельнічалі ў баях на Курскай дузе, білі ворага на Одэры і Вісле, салютавалі Перамозе ў Берліне.
Наступае час памяці і цішыні. Хвіліну маўчання парушаюць толькі гукі метранома. Кожны можа ў гэтыя імгненні згадаць высокую цану, якую заплаціла Жабінкаўшчына ў вайну, набліжаючы вызваленне і свабоду.
Так, горыч страты не абышла амаль ніводную сям’ю. Сотні жабінкаўцаў загінулі падчас карных аперацый, 620 нашых землякоў склалі галовы далёка ад роднай зямлі, вызваляючы народы Еўропы ад карычневай чумы… Менавіта таму ў Дзень Вялікай Перамогі з глыбокай павагай і памяццю ў сэрцах іх нашчадкі прыходзяць да помніка вызваліцелям.

Пакаленняў трывалая повязь

КІРАЎНІК РАЁНА прыгадаў таксама словы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі: “Квітнеючай можа быць толькі тая краіна, дзе існуе баланс адказнасці дзяржавы і грамадства за выкананне сваіх абавязкаў. Дзе кожны клапоціцца не толькі пра сябе, але і пра Радзіму. Дзе ўсялякія выклікі і пагрозы не расколваюць грамадства, а аб’ядноўваюць, дазваляюць выстаяць у сучасным свеце”.
Гэтаму, на думку Дзмітрыя Міка-лаевіча, гераічныя продкі – ветэраны Вялікай вайны – вучылі нас на ўласным прыкладзе, іх святому запавету любові да Айчыны неабходна захоўваць вернасць штодня!
Для кожнага пакалення беларусаў салдат-вызваліцель – узор адвагі, стойкасці і мужнасці. На мітынгу неаднойчы падкрэслівалася, наколькі важна памятаць урокі гісторыі, бо гэта дазваляе захоўваць мір на зямлі.
Свае пажаданні здароўя, віншаванні ўсіх з вялікім святам выказаў і намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” палкоўнік у адстаўцы Васіль Панін. Традыцыі беларускага воінства, слава айчыннай зброі ёсць спадчына, якою ганарыцца сённяшняя армія Рэспублікі Беларусь. Яе байцы і камандзіры – прадаўжальнікі вайсковага летапісу, на старонках якога вялікімі чырвонымі літарамі ўпісана 9 мая 1945 года. Між іншым, Васіль Яфімавіч падкрэсліў трываласць традыцый у айчыннай арміі, якая стаіць на варце спакою роднай Бацькаўшчыны, нагадаў, што залогам мірнага суіснавання становяцца не толькі партнёрства народаў, “але й гатоўнасць абараніць, калі спатрэбіцца, інтарэсы сваёй краіны, уласны дом і сям’ю”.
Слова ад імя моладзі раёна трымала дзевяцікласніца другой гарадской школы Соф’я Санюк. Мерапрымства ўпрыгожыў спеў Аксаны Пракошынай. Выкананне ёю песні “Салаўі”, прысвечанай ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, кранула сэрцы і нашчадкаў воінаў-пераможцаў.
Паводле традыцыі, якая налічвае шмат дзесяцігоддзяў, да помніка загінулым воінам прадстаўнікі працоўных калектываў і арганізацый усклалі кветкі і вянкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.