Асаблівы дзень Няменьшых

Дзень вяселля бацькоў – асаблівае свята і для мяне, бо гэтае каханне падаравала мне жыццё…
Сонечнай раніцай Святлана з сяброўкай прыйшла на рэпетыцыю хору ў гарадскі Дом культуры, дзе рыхтавала сольны нумар. Дзяўчыну з цудоўным голасам прыкмеціў хлопец Валерый, які таксама спяваў у калектыве. Пасля рэпетыцыі маладых людзей прадставіў адзін аднаму кіраўнік Мікалай Зіноўеў, і гэтае знаёмства стала невыпадковым.
Доўгія размовы, цёплыя сустрэчы нарадзілі пачуцці ў сэрцах Валерыя і Святланы. Праз некаторы час яны вырашылі назаўжды звязаць свае лёсы, таму сталі рыхтавацца да вяселля. Жылі душа ў душу, у сям’і панавалі каханне, павага і ўзаемаразуменне, але доўгі час не было самага галоўнага – дзетак. Нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, нязгасным заставаўся агеньчык веры. На яго ў сям’ю Няменьшых нарэшце прыйшоў вялікі цуд – нарадзілася дзяўчынка! Якое ж імя выбраць для доўгачаканай сінявокай дачушкі? Адказ на пытанне дапамагла знайсці цікавая сустрэча.
Каля царквы пасля службы сястра Святланы Лідзія ўбачыла манашку, падышла да яе, разгаварылася. Падзялілася і радаснай навіной аб нараджэнні дзіцяці, а суразмоўніца параіла даць дзяўчынцы імя Таццяна. На развітанне манашка зноў нагадала свае словы, крыкнула ўслед: “Толькі абавязкова Таццянай назавіце!” Так і зрабілі, тым больш нарадзілася дачка 24 студзеня – напярэдадні дня памяці святой пакутніцы Таццяны Рымскай.
Гэта гісторыя маіх бацькоў, якія і зараз не забываюць біблейскія словы: “Па веры вашай ды будзе вам”, жывуць у каханні і згодзе, падтрымліваюць адзін аднаго і знаходзяць кампрамісы ў нялёгкіх сітуацыях. Ведайце, што вы для мяне – прыклад любові, павагі і штодзённага шчасця. Мае дарагія, вялікі дзякуй вам за любоў і клопат, за кожнае імгненне побач з вамі!
Для нашай сям’і 5 мая – асаблівая дата, таму што яна аб’яднала адразу два святы. У гэты дзень не толькі злучыліся два закаханыя сэрцы маіх бацькоў, але і з’явілася на свет мая матуля. Дарагія тата і мама! Разам з мужам віншуем вас са святочнымі падзеямі, жадаем моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Тыя каштоўнасці, якія пануюць у вашых зносінах, цяпер пакладзены і ў аснову маёй сям’і.
Таццяна НЯМЕНЬШАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.