Праблема жывёл на дарозе актуальная ў многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. Рост колькасці транспартных сродкаў, інтэнсіўнасць дарожнага руху нязменна прыводзяць да павелічэння канфліктаў паміж чалавекам і жывёламі.
Самы небяспечны перыяд сутак для ДТЗ з удзелам капытных – прыцемкі. У гэты час змяншаецца вастрыня зроку і ўважлівасць вадзіцеляў, а жывёлы, у сваю чаргу, павялічваюць актыўнасць: раніцай яны накіроўваюцца бліжэй да ежы, а ўвечары вяртаюцца на начлег у глыбіню лесу.
На жаль, шматлікіх трагедый на дарогах з удзелам лясных жыхароў не ўдаецца пазбегнуць. Прыкладам гэтага можа з’яўляецца дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам дзікай жывёлы, якое адбылося ў нашым горадзе 10 сакавіка. Аленяня выскачыла на дарогу і ўрэзалася ў бок легкавога аўтамабіля, што рухаўся па вуліцы Ф. Скарыны. Кіроўца не пацярпеў, а вось жывёла загінула. Такіх выпадкаў можна пазбегнуць, калі вадзіцелям праяўляць пры руху большую ўвагу і акуратнасць.
– У змрочны і начны час часцей глядзіце на абочыну дарогі. Жывёліна можа выскачыць з лесу, ісці ўздоўж праезнай часткі, а затым раптам зрабіць скачок на процілеглы бок дарогі.
– Калі вы ўбачылі ўдалечыні дзіка на дарозе, прытармазіце і пачакайце: магчыма, за ім ідзе цэлая група.
– Будзьце асабліва ўважлівыя на ўчастках дарогі, пазначаных спецыяльнымі знакамі “Дзікія жывёлы”.
– Імкніцеся не выкарыстоўваць гукавы сігнал. Ён можа напалохаць жывёлу і змяніць траекторыю яе руху, што стане падставай для небяспечнай сітуацыі.
– Калі ўбачылі ўздоўж дарогі ці на праезнай частцы жывёлу, максімальна зменшыце хуткасць, амаль прыпыніцеся і ўключыце аварыйную светлавую сігналізацыю для прыцягнення ўвагі іншых удзельнікаў дарожнага руху.
Сяргей ШЫК, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%