Яны аберагаюць наш агульны дом

Яны аберагаюць наш агульны дом

Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.
Сёлета 23 лютага адзначаецца 100-годдзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Аб выніках работы і планах расказаў начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) падпалкоўнік Аляксей Пятроў.

– Аляксей Анатольевіч, як адасобленая група спрацавала летась?
– Мінулы год быў вельмі насычаны для асабовага складу адасобленай групы. Жабінкаўшчына прыняла актыўны ўдзел у мерапрыемствах пастаўкі ваеннаабавязаных у вайсковыя часці, якія праводзіліся па плане комплекснай праверкі баявой гатоўнасці Узброеных Сіл пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба – першага намесніка Міністра абароны Рэспублікі Беларусь Алега Белаконева. Вынікам нашай працы стала другое месца па падрыхтоўцы ў 2016/2017 навучальным годзе сярод ваенных камісарыятаў Брэсцкай вобласці. У гэтым ёсць і пэўны ўклад калектыву нашай адасобленай групы. Намі на высокім узроўні былі праведзены мерапрыемствы прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве.
– У якіх мерапрыемствах прымала ўдзел адасобленая група?
– У маі 2017 года напярэдадні Дня Перамогі прайшло ўрачыстае пахаванне астанкаў невядомага салдата Чырвонай Арміі, знойдзеных падчас палявых пошукавых работ у раёне вёскі Булькова.
У ліпені 2017 года ва ўрочышчы Каліна Ленінскага сельскага выканаўчага камітэта вайскоўцы 52 асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна сумесна з гісторыка-патрыятычным атрадам “Авіяпошук-Брэст” правялі палявыя пошукавыя работы на месцы падзення самалёта І-153 “Чайка” лейтэнанта Івана Фядзяя. Вялікую дапамогу ім аказала ПМК-19 УП “Брэстводбуд”. Прадпрыемства выдзеліла спецыяльную тэхніку для вымання абломкаў самалёта, за што хацелася б выказаць падзяку кіраўніку Аляксандру Снітко. Частка знойдзеных фрагментаў была перададзена для папаўнення экспазіцыі ў Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Мы не забываем і пра ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. У гэтым нам дапамагаюць прадстаўнікі Жабінкаўскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.
Ужо стала добрай традыцыяй наведванне навучэнцамі ўстаноў адукацыі Жабінкаўшчыны воінскай часці № 97061 у горадзе Брэсце. Хлопцы і дзяўчаты знаёмяцца з умовамі праходжання тэрміновай вайсковай службы і побытам ваеннаслужачых. Падчас гэтых экскурсій мы праводзім урачысты прыём у шэрагі грамадскай арганізацыі “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
У лютым мінулага і сёлетняга года пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага праходзіў круглы стол з удзелам актыву раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Для ўшанавання памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі быў падрыхтаваны і накіраваны запыт на адрас міністра абароны Рэспублікі Беларусь на атрыманне ўзораў узбраення і вайсковай тэхнікі для іх усталявання каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам у Жабінцы. Па дадзеным пытанні было прынята станоўчае рашэнне. Экспанаты будуць перададзены ў наш раён па меры падрыхтоўкі.
– Аляксей Анатольевіч, якія мерапрыемствы запланаваны да 100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі?
– Для школьнікаў быў аб’яўлены конкурс на лепшае апавяданне, верш і малюнак, прысвечаны гэтай важнай даце. Сумесна з прадстаўнікамі вайсковай часці № 97061 і аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама былі адабраны самыя годныя работы. Зараз мы чакаем вынікаў конкурсу.
У гарадскім кінатэатры запланаваны паказ дакументальнага фільма, створанага Міністэрствам абароны да 100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі. Ва ўстановах адукацыі традыцыйна пройдуць “урокі мужнасці” з удзелам ветэранаў Узброеных Сіл і воінаў-інтэрнацыяналістаў.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 верасня 2017 года № 356 запланавана ўручэнне юбілейных медалёў “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь”.
– Што б вы хацелі пажадаць да Дня абаронцаў Айчыны?
– Дзень абаронцаў Айчыны – свята моцных, мужных, цвёрдых духам людзей. Хацелася б выказаць асаблівую падзяку ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за перамогу над фашызмам. Мы ўдзячныя і воінам-інтэрнацыяналістам, якія першымі ўступілі ў буйнамаштабнае супрацьстаянне з сіламі міжнароднага тэрарызму. Дзякую ўсім абаронцам Айчыны, хто з годнасцю і гонарам выконваў і выконвае свой воінскі абавязак, забяспечвае мір і стабільнасць у нашым агульным доме. Жадаю вам усім стойкасці ў дасягненні пастаўленых мэт, нязломнасці перад цяжкасцямі, настойлівасці ў імкненні да прафесійнага майстэрства. Няхай мір і паразуменне пануюць у кожным доме!
На здымку: падпалкоўнік Аляксей Пятроў праводзіць экскурсію для школьнікаў Жабінкаўшчыны па воінскай часці № 97061.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*