Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў ў Беларусі

Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў ў Беларусі

Мясцовыя выбары ў Беларусі назначаны на 18 лютага. Датэрміновае галасаванне праходзіць па 17 лютага ўключна. Прагаласаваць датэрмінова можна з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Кандыдатамі у дэпутаты зарэгістравана больш за 22,2 тыс. чалавек. Увогуле паміж удзельнікамі кампаніі будзе размеркавана крыху больш за 18 тыс. мандатаў. На 5 870 участках устаноўлена 23,2 тыс. выбарчых урнаў, у тым ліку амаль 2 тыс. будуць выкарыстоўвацца на датэрміновым галасаванні.

Кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў у Беларусі праходзіць спакойна і арганізавана — Ярмошына

Лідзія Ярмошына адзначыла, што выбарчая кампанія ў Беларусі «праходзіць нядрэнна, спакойна і арганізавана». Пры гэтым яна звярнула ўвагу на змяншэнне колькасці кандыдатаў у дэпутаты. Некаторыя зняліся з перадвыбарнай гонкі, але гэта з’ява не мае масавага характару. Мінска гэта датычыцца ў меншай ступені, у сталіцы па-ранейшаму захоўваецца высокая канкурэнцыя паміж кандыдатамі ў дэпутаты.

Старшыня ЦВК растлумачыла змяншэнне колькасці прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. «Вельмі многія кандыдаты ідуць як дубліруючыя, у іх аднолькавыя праграмы. Ідзе аб’яднанне намаганняў», — сказала яна, дадаўшы, што гэта распаўсюджаная практыка.

Нягледзячы на змяншэнне колькасці кандыдатаў, у Беларусі няма ніводнай акругі, дзе не засталося б ні аднаго прэтэндэнта на дэпутацкі мандат.

Больш за 6,9 млн выбаршчыкаў уключана ў спісы для галасавання на мясцовых выбарах у Беларусі

Больш за 6,9 млн выбаршчыкаў уключана ў спісы для галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання. Аб гэтым паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

У спісы для галасавання ўключана 6 млн 929 тыс. 525 чалавек. Лідзія Ярмошына ўстрымалася ад прагнозаў наконт яўкі выбаршчыкаў, аднак звярнула ўвагу, што беларусаў добра інфармуюць аб ходзе выбарчай кампаніі. Апошні дзень, калі людзям павінны былі разаслаць матэрыялы аб кандыдатах у дэпутаты, часе і месцы галасавання, — 7 лютага. Мінчане, напрыклад, іх ужо атрымалі. Не менш актыўныя ў гэтым плане і рэгіёны.

Перадвыбарная агітацыя на мясцовых выбарах у Беларусі мадэрнізуецца — Ярмошына

Перадвыбарная агітацыя на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання мадэрнізавалася ў параўнанні з кампаніяй 2014 года.

У безальтэрнатыўных акругах аб актыўнай агітацыі гаварыць складана. Але, напрыклад, у Мінску, дзе канкурэнцыя высокая і кандыдаты ствараюць выбарчыя фонды, за свае грошы заказваюць рэкламную прадукцыю, сітуацыя складваецца інакш. «У параўнанні з тым, што было раней, магу сказаць, што працэс мадэрнізуецца, кандыдаты становяцца больш актыўнымі», — адзначыла Лідзія Ярмошына. Яна таксама звярнула ўвагу на даволі вялікую колькасць пікетаў.

Што датычыцца скаргаў, то яны ад удзельнікаў перадвыбарнай гонкі паступаюць, але практычна ўсе пасля разгляду прызнаюцца неабгрунтаванымі, сказала кіраўнік ЦВК.

Перадвыбарная агітацыя на мясцовых выбарах вызначаецца большай ажыўленасцю — Ярмошына

«Гэтыя выбары праходзяць значна больш ажыўлена ў плане вядзення перадвыбарнай агітацыі. У нас упершыню на мясцовых выбарах з’явіліся вулічныя мерапрыемствы. Гэта ўсё заслуга БРСМ і аб’яднання «Белая Русь». Акрамя таго, усе акцыі, якія паўсюдна праходзяць у гарадах, асабліва ў буйных, успрымаюцца выбаршчыкамі вельмі сур’ёзна. Усё гэта выклікае цікавасць у людзей да выбараў і, я спадзяюся, пазітыўна выявіцца на яўцы. Паколькі ў нас няма ніякіх іншых унутраных рэсурсаў акрамя гэтай грамадскай работы па прыцягненні выбаршчыкаў», — сказала Лідзія Ярмошына.

Яна адзначыла, што моладзь у Беларусі складае 25 працэнтаў насельніцтва, таму іх галасы істотным чынам уплываюць на волевыяўленне выбаршчыкаў. «Маладыя выбаршчыкі не вельмі актыўныя, яны даволі пасіўныя. Але дзякуючы ў тым ліку таму, што пераважная частка маладога насельніцтва ў нас студэнты, а навучальныя ўстановы праводзяць работу па прыцягненні выбаршчыкаў на выбары, яны ўсё ж такі ў выбарчых кампаніях больш удзельнічаюць. Я думаю, што, калі б гэтай работы не было, іх удзел быў бы слабейшы. Але іх голас чуваць, і іх голас вырашае», — падкрэсліла старшыня ЦВК.

Таксама Лідзія Ярмошына дадала, што чакаецца даволі высокая датэрміновая яўка выбаршчыкаў. «У нас звычайна датэрміновая яўка даволі актыўная. Гэта тлумачыцца тым, што бюджэтнікі, студэнты, многія пенсіянеры галасуюць датэрмінова. Таму думаю, што яўка будзе складаць, відавочна, нават у буйных гарадах больш за 50 працэнтаў, а ў вёсцы яна будзе ўсёахопнай», — паведаміла яна.

Больш за 10 працэнтаў кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах у Беларусі адкрылі рахункі для вядзення агітацыі

Лідзія Ярмошына адзначыла, што рахункі для вядзення перадвыбарнай агітацыі адкрылі 10,4 працэнта кандыдатаў ад усіх зарэгістраваных на мясцовых выбарах. Гэта ў тры разы больш у параўнанні з 2014 годам, калі такія рахункі былі ў 3,8 працэнта прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты, звярнула ўвагу яна. У той жа час пакуль гэты паказчык параўнальна невялікі, і ў асноўным з-за невысокай актыўнасці кандыдатаў у дэпутаты сельсаветаў — больш як з 15,3 тыс. зарэгістраваных сваімі рахункамі абзавяліся толькі 39 чалавек. Амаль пятая іх частка заявіла аб сваім жаданні праводзіць пікеты і іншыя падобныя сустрэчы з выбаршчыкамі. Паводле слоў старшыні ЦВК, раней такога не было. Гэтыя і іншыя факты сведчаць аб тым, што цяперашняя кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў праходзіць больш актыўна ў параўнанні з мінулай, дадала яна.

Разам з тым Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што такая форма бясплатнай агітацыі, як выступленне на радыё, аказалася выкарыстанай не ў поўнай меры. Сваім правам на эфір скарысталіся крыху больш за 20 працэнтаў кандыдатаў у дэпутаты, якія прымалі ўдзел у адпаведнай жараб’ёўцы.

Больш за 28 тыс. нацыянальных наглядальнікаў акрэдытавана на мясцовых выбарах у Беларусі

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама расказала, што на гэты момант на выбарах акрэдытавана 28 тыс. 624 наглядальнікі. Іх колькасць будзе павялічвацца па меры набліжэння асноўнага дня галасавання, які назначаны на 18 лютага. Найбольш сваіх прадстаўнікоў для маніторынгу выбарчай кампаніі акрэдытаваў БРСМ — амаль 6,8 тыс., РГА «Белая Русь» — 5,1 тыс., ФПБ — каля 4 тыс.

Акрамя таго, ЦВК акрэдытавала ўжо 46 міжнародных наглядальнікаў — супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў, якія працуюць у Беларусі. Больш за ўсё іх накіравалі пасольствы Літвы, Расіі і ЗША.

Больш за 40 замежных наглядальнікаў акрэдытаваны для маніторынгу мясцовых выбараў — Ярмошына

«42 міжнародныя наглядальнікі акрэдытаваны ў нас у краіне, і гэта лічба расце, — праінфармавала старшыня ЦВК. — Гэта супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў, якія працуюць у Рэспубліцы Беларусь. У асноўным, гэта прадстаўнікі пасольстваў еўрапейскіх дзяржаў. Заяўкі на акрэдытацыю падалі і Венесуэла, Расійская Федэрацыя і ЗША». Таксама выбарчыя камісіі акрэдытавалі 10,5 тыс. нацыянальных наглядальнікаў, прычым з апазіцыйных партый наглядальнікі будуць толькі ў цэнтральнай камісіі.

Міжнародныя наглядальнікі свабодныя самастойна выбіраць участкі для назірання. Тэрмін паўнамоцтваў замежнага наглядальніка на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў пачынаецца з 13 лютага і заканчваецца ў асноўны дзень выбараў, 18 лютага, пасля ўстанаўлення вынікаў падліку галасоў.

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*